БЕЛ Ł РУС

Пракуратура Лейпцыга не выявіла складу злачынства ў дзеяннях дэпутата Дорнау ў Беларусі

21.12.2024 / 16:33

Nashaniva.com

Нямецкага бізнэсмена і дэпутата зямлі Саксонія ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» Ёрга Дорнау падазравалі ў выкарыстанні працы беларускіх палітвязняў. Але нямецкая пракуратура паведаміла, што з юрыдычных прычын ёй не ўдалося выявіць першапачатковыя прыкметы злачынства, якое магло б быць пераследавана паводле законаў Германіі, піша «Позірк».

Ёрг Дорнау ў Лідскім райвыканкаме 22 верасня 2020 года. Фота: «Лідская газета»

У прэс-рэлізе пракуратуры адзначаецца, што Дорнау «абвінавачваўся ў працаўладкаванні людзей, у тым ліку палітвязняў, на ферме, якой ён кіраваў у Беларусі». Скарга «заснаваная на паведамленнях СМІ пра апісанне падзей былым вязнем, які, паводле яго слоў, не быў абавязаны прымаць прапанову працы на ферме».

«Аднак замест знаходжання ў вязніцы ён аддаў перавагу працы на цыбульнай ферме. Праца не была прымусовай, але ўмовы ў турме былі катавальнымі», — зрабіла заключэнне пракуратура.

У рэлізе адзначаецца, што

«ў адпаведнасці з цяперашняй прававой сітуацыяй і крымінальнымі правапарушэннямі, пералічанымі ў артыкуле 6 Крымінальнага кодэкса, крымінальны пераслед заснаваны на так званым універсальным прававым прынцыпе і, такім чынам, не залежыць ад месца злачынства, закона месца злачынства і грамадзянства асобы. У дадзеным выпадку абвінавачанне было магчымае толькі ў адносінах злачынства гандлю людзьмі (артыкул 232 КК Германіі). Аднак, сыходзячы з вядомых на сёння фактаў, гэтага не існуе».

Іншыя магчымыя правапарушэнні, «такія як прымусовая праца (арт. 232б) і эксплуатацыя працы (арт. 233), могуць пераследавацца ў Германіі толькі ў выпадку, калі яны здзейсненыя за мяжой (як тут, у Беларусі), калі злачынца з’яўляецца немцам на момант здзяйснення злачынства», гаворыцца ў рэлізе.

«Нават калі пры апісаных абставінах у Германіі магла мець месца злачынная эксплуатацыя працы (арт. 233 КК), у Беларусі апісаная сітуацыя караецца толькі ў выпадку прымусовай працы. Аднак, паколькі доказаў гэтага няма, злачынства, у якім абвінавачваецца абвінавачаны, не можа пераследавацца ў Германіі адпаведна арт. 7 Крымінальнага кодэкса, нават калі злачынец з’яўляецца грамадзянінам Германіі», — лічаць у пракуратуры.

«Таму пракуратура Лейпцыга ўстрымалася ад пачатку расследавання з прававых прычын», — гаворыцца ў дакуменце.

Разгляд кейса Ёрга Дорнау пачаўся пасля публікацыі беларускіх журналістаў пра тое, што да працы фірмы «Цыбулька-Бел», якая часткова належыць нямецкаму бізнэсмену, прыцягваюць адміністрацыйна асуджаных, у тым ліку па палітычных матывах.

Чытайце таксама:

Адвакат нямецкага дэпутата Дорнау пацвердзіў, што на ягоным беларускім прадпрыемстве выкарыстоўвалі працу зняволеных

«Рэпутацыйная шкода велізарная». Ад цыбульнага плантатара Ёрга Дорнау дыстанцыруецца нават «Альтэрнатыва для Германіі»

Можа «ўскрыць раны нацызму» — што гавораць нямецкія дэпутаты пра бізнэс іх калегі ў Лідзе, дзе працуюць палітвязні

Дэпутат нямецкай ультраправай партыі некалькі разоў таемна сустракаўся з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі

Дэпутату ад «Альтэрнатывы для Германіі» пагражае вялікі штраф. Ён утаіў свой бізнэс у Беларусі

Каментары да артыкула