БЕЛ Ł РУС

Вучоныя знайшлі самы эфектыўны спосаб паскорыць рост мускулаў

20.01.2025 / 19:40

Антось Жупран

Фантастычны вынік даюць трэніроўкі з электрастымуляцыяй.

Ілюстрацыйнае фота: Giannis Alexopoulos/NurPhoto via Getty Images

Як піша SciTechDaily, новы метааналіз, які правялі вучоныя з Тэхаскага ўніверсітэта ў Эль-Паса (ЗША) паказаў, што спалучэнне нейрамышачнай электрастымуляцыі (НМЭС) з сілавымі трэніроўкамі прыводзіць да большага росту мышачнай масы ў параўнанні з толькі сілавымі трэніроўкамі.

Сілавая трэніроўка з выкарыстаннем нейрамышачнай электрастымуляцыі. Фота: utep.edu

Вучоныя прааналізавалі вынікі 13 даследаванняў, у якіх узялі ўдзел 374 чалавекі. Усе яны выконвалі такія традыцыйныя практыкаванні, як падыманне лежачы ці прысяданні з абцяжарваннем. Адна група выконвала іх з выкарыстаннем НМЭС, другая — без. Мышачная маса ўдзельнікаў ацэньвалася ў пачатку і канцы даследавання. Працяг трэніровак складаў ад 2 да 16 тыдняў. Вынікі свайго даследавання вучоныя апублікавалі ў European Journal of Applied Physiology.

Інфаграфіка: матэрыялы артыкула

Як тлумачаць аўтары, у нармальных умовах наш мозг актывізуе мышцы, пасылаючы ім сігнал праз нервовую сістэму. Нейрамышачная электрастымуляцыя імітуе гэты працэс.

Праз знешнія электрычныя токі падаецца сігнал мышцам, што прымушае іх скарачацца як бы «самастойна», без удзелу мозгу. У выніку такой «знешняй дапамогі» павялічваецца інтэнсіўнасць нагрузкі за кошт задзейнічання большай колькасці мышачных валокнаў.

Вынікі даследавання паказалі, што спалучэнне НМЭС з трэніроўкамі прывяло да павелічэння мускульнай сілы ў сярэднім на 31% і мышачнай масы на 21% у параўнанні са звычайнымі трэніроўкамі. Вучоныя адзначаюць, што вынік быў больш заўважным з ростам працягласці трэніровак.

Але на гэтым патэнцыял НМЭС не заканчваецца. Цяпер аўтары вывучаюць, як электрастымуляцыя можа дапамагчы палепшыць метабалізм, рэгуляваць узровень глюкозы ў крыві і зменшыць рызыку дыябету 2 тыпу, асабліва для тых, хто не можа займацца традыцыйнымі трэніроўкамі.

Чытайце таксама:

Выявілася, што некаторыя фізічныя нагрузкі такія ж эфектыўныя, як віягра

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы

Звышінтэнсіўныя трэніроўкі могуць фатальна нашкодзіць здароўю

Каментары да артыкула