Адкрыты новы гармон, які прыглушае апетыт і бароніць ад атлусцення
Кітайскія даследчыкі ўпершыню выявілі і апісалі новы гармон, які аказвае непасрэдны ўплыў на апетыт і метабалізм. Ён атрымаў назву «рапцін».
Ілюстрацыйная выява. Фота: «Наша Ніва»
Вучоныя з Кітая правялі даследаванне на 262 пацыентах, з якіх 127 мелі афіцыйны дыягназ «атлусценне», і выявілі новы гармон рапцін (RCN2), узровень якога звязаны з працягласцю сну і вагой цела, паведамляе навуковы часопіс Nature.
«Дэфіцыт сну звязаны з атлусценнем, але механізмы гэтай сувязі дагэтуль заставаліся незразумелымі. Мы выявілі бялковы гармон, які выпрацоўваецца гіпаталамусам падчас сну ў людзей і мышэй, што спрыяе зніжэнню апетыту і запаволенню выхаду ежы са страўніка», — пішуць аўтары даследавання.
Навукоўцы паказалі, што рапцін, які падпарадкоўваецца цыркадным рытмам (біялагічным працэсам, звязаным са зменай дня і ночы), падае сігнал насычэння ў страўнік і зніжае інтэнсіўнасць спажывання ежы. Недахоп сну прыводзіць да зніжэння ўзроўню рапціну, што парушае кантроль над апетытам. У людзей з атлусценнем узровень гэтага гармону значна ніжэйшы, чым у стройных.
Даследчыкі таксама выявілі, што RCN2 прысутнічае ў людзей з атлусценнем, якія хварэюць на сіндром «начнога абжорства». Аднак даследаванне паказала, што ў людзей, якія праходзілі лячэнне ад бяссоння, узровень рапціну павялічваўся, а іх метабалізм паляпшаўся. Гэта дадаткова пацвярджае гіпотэзу пра тое, што гармон можа стаць асновай для распрацоўкі новых метадаў барацьбы з атлусценнем і распрацоўкі лекаў, якія будуць імітаваць дзеянне рапціну.
Чытайце таксама:
Мясаеды маюць больш шанцаў знайсці сабе пару — даследаванне
Ніякага 21 дня. Абвергнуты самы папулярны міф пра звычкі
Выявілася, што некаторыя фізічныя нагрузкі такія ж эфектыўныя, як віягра