Чаму беларускія СМІ пішуць пра добраахвотнікаў столькі, колькі пішуць
Украінскаму блогеру BalaganOFFу адказвае Мікола Бугай.
Ютуб-блогер BalaganOFF. Скрыншот відэа ад 1 лютага 2025 года
«За ўвесь студзень беларускія медыя напісалі адну-дзве навіны пра беларусаў на фронце», — выкаціў прэтэнзію блогер BalaganOFF.
У канцы артыкула я патлумачу, чаму «Наша Ніва» піша, колькі піша, але напачатку трэба сказаць, што сама заява — абсалютная няпраўда. Толькі ў «Нашай Ніве» і толькі за мінулы тыдзень я налічыў 9 артыкулаў пра добраахвотнікаў (спіс даю ўнізе). І гэта толькі за адзін тыдзень, я ўжо далей гартаць не стаў, а ў месяцы — можа хто не ведае, чатыры тыдні. І гэта толькі на сайце, а маем жа ютубы, тыктокі, тэлеграм-каналы, «Наша Ніва» мае нават на ўкраінскай мове ТГ, дзе таксама шмат усяго. І гэта толькі ў «Нашай Ніве». Я ўжо не кажу пра інфармацыю пра саму вайну: дзясяткі навін штодзень.
Карацей, нацяжка або выдумка. Паэта задалёка заводзіць мова, а BalaganOFFа — добрыя намеры.
Я разумею, для чаго блогер зрабіў гэтае перабольшванне — каб пісалі яшчэ больш.
Але давайце паглядзім на гэта з іншага боку.
Маўленне пра свет і падзеі ў духу «ўсё не так» б’е па псіхалогіі людзей. Украінцы атрымліваюць негатыўныя стэрэатыпы пра беларусаў — на аснове абсалютна непраўдзівай заявы. А беларусы, якія то ведаюць сапраўдную сітуацыю ў СМІ, успрымаюць гэта як намер украінцаў дыктаваць: «мала нам іншыя дыктуюць, дык яшчэ і гэтыя». СМІ ж то таксама пільна і штодзённа адсочваюць, што людзі хочуць чытаць і глядзець, а чаго не хочуць, што якія рэакцыі выклікае.
Сам фармат вечнага «пошуку ворагаў» разбуральны для грамадскай салідарнасці. Нездарма таталітарныя рэжымы, у тым ліку лукашысцкі, увесь час занятыя пошукам ворагаў. Лукашэнкаўцы разумеюць, што не могуць прымусіць народ паверыць ім і палюбіць іх, тады галоўная задача для іх убіць людзям у галовы думку «а ўсе ж такія, і тыя ж не лепшыя». І гэтым жа занятыя мутныя персанажы тыпу «Віруса».
І яшчэ адзін момант, пра якія можа быць BalaganOFF не задумваўся, бо мысліць ва ўкраінскай парадыгме, а беларускія СМІ думаюць — проста ў сілу таго, што сістэмна скануюць рызыкі, не толькі для сябе, але і для нашых герояў, іх сямей, і нават чытачоў, бо мы, СМІ, жывём доўга, а таму і гуляем удоўгую, а не дзеля клікаў. За намі 100 гадоў гісторыі, як-ніяк.
Празмерная прысутнасць СМІ каля добраахвотнікаў стварае рызыкі для добраахвотнікаў, іх родных, а таксама для кола людзей, якое ім дапамагае. Як казала палітзняволеная бабуля Юрыя Дракахруста пра ворагаў, «яны ведаюць толькі тое, што мы самі ім сказалі». А чым больш круціцца, звоніцца, выпытваецца, тым больш пабочнай інфы выцякае. Мы нават прывыклі з падазронасцю глядзець на тых персанажаў, якія надта ўжо круцяцца вакол добраахвотнікаў. Тут жа на шалях — не слава, клікі, прагляды і рэпутацыя, усім нам хопіць гэтага на нашу долю, тут на шалях — жыцці найлепшых людзей.
«Ты павінен ведаць больш, чым пісаць і казаць» — гэта прынцып кожнага добрага журналіста.
А спіс нашых публікацый за апошні тыдзень — унізе. Да дзевяці дадаю і дзясяты артыкул з новымі фактамі пра Каліноўскага. Дазвольце і яго лічыць добраахвотнікам.
Удакладненне. У артыкуле замест «бабуля Юрыя Дракахруста» спачатку было памылкова напісана «мама Юрыя Дракахруста». Перапрашаем.
Чытайце таксама:
Былы камандзір Палка Каліноўскага Дзяніс «Кіт» Прохараў расказвае, чым цяпер займаецца
Асабістыя рэчы Марыі Зайцавай перадалі ў музей Вольнай Беларусі ў Львове
Вырабленая вінтоўка імя Марыі Зайцавай
Як ахоўнік Лукашэнкі аказаўся на адным здымку з вядомымі беларускімі добраахвотнікамі
Беларускі добраахвотнік пракаментаваў сваё фота з ахоўнікам Лукашэнкі
Таксі на вайну. Як шматдзетная беларуска пераганяе машыны на фронт ва Украіну
Суд «ДНР» асудзіў беларускага добраахвотніка да 14 гадоў калоніі