БЕЛ Ł РУС

Міністр спорту лічыць міжсабойчык беларускіх і расійскіх біятланістаў у Раўбічах альтэрнатыўным чэмпіянатам свету. І вось чаму

15.02.2025 / 21:21

Nashaniva.com

У Раўбічах пад Мінскам сёння пачаўся біятлонны турнір пад амбіцыйнай назвай «Кубак наймацнейшых». Ён прызначаны на тыя ж тэрміны, што і чэмпіянат свету ў швейцарскім Ленцэрхайдэ, і арганізатары без асаблівай сціпласці пазіцыянуюць яго як годную альтэрнатыву гэтым спаборніцтвам.

Міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук (злева) са сваім расійскім калегам Міхаілам Дзегцяровым у Раўбічах. Фота: Sputnik

Чаму спаборніцтвы, хоць у іх удзельнічаюць спартсмены толькі дзвюх краін, Беларусі і Расіі, нічым не горшыя за чэмпіянат свету, патлумачыў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, адказваючы на пытанне расійскага выдання Sputnik:

«Думаю, што так — адназначна. Таму што мы выбудавалі такую ж праграму: спрынт, гонка пераследу, індывідуальная гонка, эстафеты дзве, потым гонка з масавым стартам. Практычна паўтарэнне [праграмы спаборніцтваў на ЧС], за выключэннем хіба што класічнай эстафеты. А ўсе астатнія гонкі — гэта фактычна чэмпіянат свету».

Падзяляе думку міністра і славутая ў мінулым беларуская спартсменка Дар'я Домрачава, якая таксама прысутнічае на гэтых спаборніцтвах. Праўда, яна, у адрозненне ад яго, бачыць тут і адзін неістотны нюанс, якія «Кубак наймацнейшых» ад чэмпіяната свету крыху адрозніваюць: 

«Я лічу, гэта пазітыўны момант, што каляндар нашых спаборніцтваў максімальна набліжаны да міжнародных стартаў. […] Але, вядома, гэта не тая шчыльнасць… параўноўваць вельмі складана. Канкурэнцыя і шчыльнасць барацьбы — гэта, напэўна, асноўны момант, які адрознівае гэтыя турніры».

Праводзяць на дваіх свой уласны «чэмпіянат свету» замест удзелу ў сапраўдным біятланісты з Беларусі і Расіі з-за таго, што яшчэ ў 2022 годзе Міжнародны саюз біятланістаў адхіліў спартсменаў з дзвюх краін ад удзелу ў спаборніцтвах пад сваёй эгідай з-за развязвання Расіяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны пры падтрымцы з боку рэжыму Лукашэнкі. 

Чытайце таксама:

Оле-Эйнар Б'ёрндален больш не рэкардсмен па перамогах на чэмпіянатах свету

На трасе ў Раўбічах заўважылі мужа Дар'і Домрачавай ВІДЭА

Беларускія біятланісты прапусцяць спаборніцтвы дзеля ўдзелу ў выбарах

Беларускіх канькабежцаў дапусцілі да алімпійскай кваліфікацыі ў нейтральным статусе

Каментары да артыкула