БЕЛ Ł РУС

Беларуска прапанавала забіраць на вайсковыя зборы толькі нежанатых мужчын

20.02.2025 / 9:0

Nashaniva.com

Прапанова выклікала гарачую дыскусію.

Блогерка Дзіяна Скулінец распавяла, што павестка яе мужу прыйшла нечакана.

«Мы, канечне, чулі пра зборы, але не думалі, што гэта закране нас: у нас пяцімесячнае дзіця. Я ў шоку, муж у шоку, мы ў шоку», — падзялілася ў тыктоку маладая маці.

@diana.sposob СБОРЫ В РБ #глобальныерекомендации #рекомендации #продвижение #тема #разговор #рек #армия ♬ оригинальный звук - diana_sposob

Дзіяна паскардзілася, што не разумее, як у такой сітуацыі даваць рады адной. Яна лічыць несправядлівым, што адтэрміноўка ад арміі ёсць толькі для тых, у каго трое дзяцей, а сем’і з груднічкамі не лічацца, хаця ім няпроста.

«Я нават не магу адна памыць дзіця, я яго не ўтрымаю — яно ў нас вельмі тоўсценькае, актыўнае».

Дзіяна з мужам і сынам адразу пасля родаў. Фота: @diana_sposob

На погляд дзяўчыны, ідэальна было б забіраць на зборы халасцякоў.

«Я не разумею, няўжо не хапае халасцякоў. Навошта забіраць бацькоў у малалетніх, грудных дзяцей?»

Відэа набрала амаль 600 тысяч праглядаў і выклікала гарачую дыскусію. Некаторыя каментатары падтрымалі дзяўчыну, паспачуваўшы ёй у новых абставінах, а нехта не зразумеў — маўляў, ёсць сем’і ў куды больш складаных сітуацыях.

«У нас чацвёра дзяцей, і муж пайшоў на зборы», «У людзей двойні, і таксама ідуць на зборы», «Нават і з трыма дзецьмі забіраюць — муж быў 50 дзён на зборах», — дзяліліся сваім болем іншыя беларускі.

Нехта прыгадаў досвед жонак дальнабойшчыкаў ці тых, хто працуе вахтавым метадам, — ім таксама няпроста. Асобна выказваліся жанчыны з Украіны, якія праз вайну не бачаць сваіх мужчын ужо па некалькі гадоў.

«Ён не толькі муж і бацька, найперш ён — грамадзянін Рэспублікі Беларусь», «А хто радзіму будзе абараняць, чаму моладзь цяпер такая бездапаможная?» — падключыліся патрыёты.

«У мяне так мужа (жаніха яшчэ) забралі на месяц на зборы за два месяцы да вяселля, таму халасцякоў, ведаеце, таксама такое сабе — хай забіраюць тых, хто косіць ад арміі», — прапанавала яшчэ адна беларуска.

Пасля хвалі парад Дзіяна запісала яшчэ некалькі відэа, дзе яна адказвае хейтарам і просіць іх супакоіцца.

Дзіяна з мужам. Фота: @diana_sposob

Пра старт чарговай праверкі боегатоўнасці ў Мінабароне заявілі яшчэ ў пачатку лютага. Па словах Віктара Хрэніна, мерапрыемства пачалося «праз асаблівасці актуальных абставін, аднак яно носіць планавы характар».

«Абставіны абавязваюць нас трымаць руку на пульсе і трымаць порах сухім, быць гатовымі да таго, для чаго прызначаныя ўзброеныя сілы, пры патрэбе — забяспечыць абарону суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласці Рэспублікі Беларусь», — цытавала тады яго словы прэс-служба.

Чытайце таксама:

«Спадзяюся, гэта ўбачаць у Амерыцы і ў чарговы раз пачнуць нам зайздросціць». Тыкток смяецца з гомельскага аэрапорта

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?

Простая жанчына з вёскі на Міншчыне збірае сваімі танцамі мільёны праглядаў у тыктоку

Каментары да артыкула