Гэтую новую беларускую кнігу не назавеш нармальнай
Гэта эксперыментальная літаратура, але не з разраду тых, дзе форма замяняе змест. «Значныя дні» Цімура Кудзеліча — рэальна значны твор, піша Зося Лугавая.
Адзінае пэўнае, што ў «Значных днях» ёсць — гэта беларусацэнтрычнасць. Усё астатняе — туманнае. Спачатку падаецца, што ўсё больш-менш рэальнае, проста апісана «ненармальна». Але паступова ў аповедзе ўзнікаюць фантастычныя дэталі.
Цябе засмоктвае ў сюррэалістычнае пекла, дзе кот гандлюе віном, а потым адкрывае сетку кафэ пад назвай «Кафэшка», якія як спрут распаўзаюцца па краіне. Дзе спадар, які мусіў расследаваць (сама)забойства, атабарваецца ў прыбіральні разам з трупам. Дзе маці крычыць на дачку, а дачка, як на жывых, крычыць на пантофлі. Дзе айчым, які збівае жонку і гвалтуе падчарку, ператвараецца ў муху. Дзе час ад часу імёны ўласныя замяняюцца словамі Нават і Таксама, а ты — думай што хочаш.
«Уявіце цэлы свет у межах Беларусі, дзе ледзь не кожная кафэшка замененая Кафэшкай, дзе існуе такі велічэзны, метровы ў шырыню, двухметровы ў даўжыню ежыва-магнат. Дзе ён абвязаў, абкідаў усе свае пункты абедання дзецьмі ад розных жонак. Свет, дзе з ежы ёсць есці толькі тое, што каты даюць, ніяк іначай. Уявіце».
Ёсць у тэксту і тонкі палітычны флёр. Адчуваеш яго не адразу, але недзе бліжэй да канца кнігі ўжо хочацца шукаць адгадкі ўсім загадкам. Лысы кот нагадвае кіраўніка адной не чужой нам краіны, а змаганне за грамадскую прыбіральню — нагадвае спаборніцтва за ўладу. Гаспакіраўнік Шпік і прыгапрацаўнік Леў — адзін у адзін дасведчаны чыноўнік і свежаразмеркаваны малады спецыяліст (тэрміны былі прыдуманыя самім спадаром Шпіком на пачатку яго прафесійнай дзейнасці — так тлумачыцца ў тэксце). А «Кафэшкі», якія запаланілі ўсе населеныя пункты краіны і кіруюцца байструкамі лысага ката, — як ілюстрацыя высылкі на перыферыю чыноўнікаў, якія не спраўдзілі «аказанага ім даверу».
Невыпадковымі выглядаюць імёны герояў (напрыклад, Міхал Сцяпан ці Верка Верас). Нават у назве кнігі і яе раздзелаў адчуваеш штосьці знаёмае: сапраўдныя дні, шчаслівыя, значныя, іржавыя… І амаль у самым канцы ўсё ж усплывае недакладная цытата з песні «Ржавыя дні» гурта «Уліс» на словы Фелікса Аксёнцава: «Гаспадар краіны, навошта ты быў мне? Навошта я быў табе?»
«Значныя дні» — трэцяя кніга Цімура Кудзеліча, раней выходзілі празаічныя «ЯК» і «Пацукі». Новая кніга выйшла ў выдавецтве Skaryna Press літаральна на мінулым тыдні, адразу ў папяровым і электронным фарматах. Анатацыя загадкавая, а суправаджальнае слова ад Віктара Жыбуля, паэта-авангардыста, толькі дадае інтрыгі. Тэкст незвычайны і не традыцыйны. Акрамя яго ў кнізе ёсць раздзел з ілюстрацыямі і два раздзелы з фотаздымкамі. Фота быццам бы наўпрост не звязаныя з туманным сюжэтам, але праз кароткія апісанні ствараюць разам з асноўным тэкстам цэласнае выказванне.
Кніга незвычайная і варта быць гатовымі да таго, што тэкст не захоча вам паддавацца. Ці папросту не спадабаецца. Пачаўшы чытаць, я лавіла сябе на думцы, што мне хутчэй не хочацца працягваць, чым хочацца, але і спыніцца не магла. Калі вы любіце кнігі, у якіх усё паслядоўна, празрыста і дакладна сфармулявана, то з кнігай Цімура Кудзеліча ў вас адносіны могуць і не скласціся. Я сама не надта прагну эксперыментальнай літаратуры за цяперашнім часам, але не прызнаць значнасці «Значных дзён» — не магу.
Гэтая няпэўная гісторыя пачынаецца ў вельмі канкрэтных дэкарацыях. Не проста Беларусь, не проста Заслаўе, не проста чыгуначная станцыя. Гэта канкрэтны будынак на той станцыі: грамадская прыбіральня. У ёй пачынаюць адбывацца дзіўныя рэчы. І мала таго, што яны дзіўныя, аўтар расказвае пра іх дзіўнай мовай. Яна поўная паўтораў, нязвыклых воку і вуху словазлучэнняў, новатвораў і зносак, дзе яны, здавалася б, непатрэбныя. А калі чытаеш тлумачэнні, то бачыш, што яны таксама маюць зноскі. Якія мала што тлумачаць. Толькі дадаюць адчування, што гэты тэкст — матрошка, і да апошняй лялькі ты ніколі не дабярэшся.
«Ад чыгуначнай станцыі Беларусь управа дзесяць метраў. Управа дзесяць метраў — гэта калі стаіш тварам да станцыі, азадкам да цягнікоў ці рэйкаў, ці ўвогуле, лепей сказаць, да чыгуначных шляхоў стаіш азадкам, то-бок толькі з’яўляешся ў Заслаўі. Калі, наадварот, ужо збіраешся ад’язджаць і ўжо, напрыклад, ёсць квіток на электравік Маладэчна — Менск, ці, напрыклад, Гудагай — Менск, ці, напрыклад, на нейкі іншы, ці ўвогуле квітка няма, але вось стаіш азадкам да станцыі Беларусь і табе захацелася сікаць ці серыць, так бы мовіць, то тады ўлева дзесяць метраў, там будыначак на два грамадскія ўваходы: паўднёва-ўсходні ды паўночна-заходні. Паўднёва-ўсходні — мужчынскі, паўночна-заходні — жаночы».
Варта адзначыць валоданне аўтара мовай. Тэкст зроблены так, што, трапіўшы ў ягонае павуцінне, выблытацца надзвычай складана. І калі падаецца, што амаль задыхаешся ад гарадской спёкі, ад вакзальнага паху цягнікоў і чалавечых целаў, ад смуроду прыбіральні, у якой ніколі ніхто не мыў, — аўтар дае надзею на вызваленне. Адзін з герояў бяжыць у бок мяжы. Тапаграфія тут вельмі дакладная, атмасфера злавесная, дзеянні паслядоўныя. Здаецца, у яго ўсё атрымаецца. Здаецца.
«Электравік Менск — Гудагай: я ўмасьціўся паміж старымі-на-лецішча.
Ждановічы: мне прадалі абразок Боскай маці з малітвай на адваротным баку — мне не было чым заплаціць.
Менскае мора: мне стала невыносна душна за адсутнасцю кандыцыянера.
Крыжоўка: люблю.
Зялёнае.
Станцыя Беларусь: пераймальная жудасць ахутала ўсё наўкол, страшна нават схавацца.
…
Я выйшаў за Маладэчнам, я выйшаў на Залессі. Далей не буду так рызыкаваць, далей: абміну Смаргоні й буду рухацца па лясох паралельна чыгунцы да Гудагаю, далей, — там пяройду мяжу».
Цімур Кудзеліч. Значныя дні. — Лондан: Скарына-прэс, 2025
Чытайце таксама:
Паваліла моцная літаратура! «Перамена месцаў» Югасі Каляды
Паэтка пад псеўданімам «Ганя Фак’ю» выдала паэму, поўную матаў, пра Беларусь, апанаваную «імі»