Берасцеец вырасціў 3 000 цюльпанаў у вельмі незвычайным месцы
У Брэсце малады інжынер Улад вырасціў 3 000 цюльпанаў у сваім гаражы. Занятак, які пачаўся як эксперымент, магчыма, прынясе дадатковы даход. Пра гэта на сваім ютуб-канале расказаў брэсцкі блогер Васька Пілот (Васіль Пашалюк), які таксама вырошчвае цюльпаны і прапануе замест звыклых букетаў дарыць кветкі ў цыбулінах, піша BGmedia.
Берасцеец Улад у гаражы, дзе вырошчвае цюльпаны. Скрыншот з відэа ў YouTube
Нестандартны падыход да справы
Па словах Улада, у нейкі момант ім з жонкай прыйшла ідэя заняцца вырошчваннем вясновых кветак… у гаражы. Першапачаткова планавалі пасадзіць 10 000 кветак, але ў выніку спыніліся на 3 000.
Цюльпаны ў гаражы, якія вырошчвае берасцеец Улад. Скрыншот з відэа ў YouTube
«Я пабачыў некалькі ролікаў пра тое, як людзі вырошчваюць цюльпаны ў гаражы, і падумаў, што ў мяне таксама ёсць прыдатнае памяшканне для гэтага. Спачатку баяўся, што не атрымаецца, таму пасадзіў меншую колькасць», — расказвае Улад.
Для гэтага ён забяспечыў у гаражы неабходнае святло і іншыя ўмовы для росту раслін.
Догляд за кветкамі — штодзённы рытуал
Кожны дзень Улад даглядае свае цюльпаны: ён старанна сочыць за тэмпературай, вільготнасцю і колькасцю святла. Усё гэта ён робіць паміж паездкамі ў дзіцячы садок па дачку.
За ўвесь перыяд ён выкінуў усяго толькі чатыры цыбуліны — гэта сведчыць пра тое, як старанна ён сочыць за кожнай кветкай.
«Я не вяду дакладны ўлік, але стараюся, каб праект хоць бы не пайшоў у мінус. Спадзяюся, што выйду на стабільны ўзровень», — кажа Улад.
Цюльпаны, якія вырошчвае берасцеец Улад у гаражы. Скрыншот з відэа ў ютубе
Занятак патрабуе цярпення, але для Улада гэтае захапленне робіцца важнай часткай ягонага дня. Са слоў вынаходлівага берасцейца, у гаражы можна вырасціць да 25 000 цюльпанаў.
Магчыма, калі справа прынясе свой плён, малады чалавек будзе і далей займацца вырошчваннем кветак. Але ўжо ў буйных маштабах.
Праект Улада прыцягнуў увагу карыстальнікаў ютуба. Многія падтрымліваюць ягонае рашэнне займацца вырошчваннем цюльпанаў, адзначаючы працавітасць і жаданне развівацца:
«Класна! Малайчына! Галоўнае пачаць, а там глядзіш і пашырацца трэба будзе. Чакаем працягу».
Аднак некаторыя выказваюць сумнеў адносна перспектыў гэтага бізнэсу, звяртаючы ўвагу на магчымасць перанасычэння рынку.
«Занадта шмат прапаноў па горадзе будзе. І попыт падае. Хоць бы ў нуль выйшлі аграрыі»;
«Нявыгаднай тэма становіцца тады, калі ў кожным доме ёй займаюцца», — слушна заўважаюць некаторыя каментатары.
Адзін з карыстальнікаў пахваліў энтузіязм берасцейца, але напісаў, што «не трэба паказваць такое — «добразычліўцаў» можа быць шмат».
Цюльпаны, якія вырошчвае берасцеец улад у гаражы. Скрыншот з відэа ў ютубе
Чытайце таксама:
Пад Петрыкавам вырасцілі першыя цюльпаны «элітных галандскіх сартоў»
«Лепш жэрці цюльпаны буду». Фермеры, якія вырошчваюць кветкі, бурна абмяркоўваюць новыя ўмовы працы