БЕЛ Ł РУС

«Сочаць, каб замежнік атрымліваў не менш за мясцовых». Айцішнік здзейсніў мару і пераехаў у Швейцарыю

1.03.2025 / 10:1

Nashaniva.com

Уладзіслаў — Software Engineer, займаецца бэкэнд-распрацоўкай на Node.js. У 2022 годзе ён рэлакаваўся з Беларусі ў Берлін, працаваў у нямецкім стартапе. Пару гадоў таму ўладкаваўся ў швейцарскую кампанію з офісам у Берліне, а сёлета пераехаў у Цюрых. Ён расказаў dev.by пра нюансы жыцця і працы ў Швейцарыі з беларускім пашпартам.

Чаму Швейцарыя

— У Швейцарыі да свайго пераезду я быў толькі аднойчы. Але гэтага аказалася дастаткова, каб зразумець, што я хачу там жыць. Шалёна прыгожая краіна ў самым цэнтры Еўропы з высокім узроўнем жыцця. Гадзіну-дзве на машыне, цягніку — і ты ўжо ў Францыі, Італіі, Аўстрыі. Пасля рэлакацыі ў Германію я не чакаў, што ўжо праз два гады змагу пераехаць туды.

У 2022 годзе мяне рэлакаваў у Берлін нямецкі стартап, у якім я аддалена працаваў каля года. Стартап распрацоўваў платформу для дактароў і пацыентаў, на якой можна задаваць пытанні аб ужыванні медыцынскіх прэпаратаў. Напрыклад, якая прымальная доза лекаў для дзяцей, якія могуць быць пабочныя эфекты. На платформе быў разумны пошук, які выдаваў адказ на запыт.

У 2023 годзе я заняўся пошукамі новай працы. І дзякуючы ўдаламу збегу абставін прайшоў сумоўе і атрымаў офер ад берлінскага офіса распрацоўкі швейцарскай кампаніі, якая вырабляе спартыўныя рэчы. Я займаюся распрацоўкай лічбавых рашэнняў, якія збіраюць даныя пра тавары ўнутры кампаніі і дастаўляюць іх на сайт.

«Я пазначыў 58-65 тысяч еўра грос на год, у выніку мне прапанавалі 72 тысячы еўра»

Прапанову працы я атрымаў праз паўтара месяца сумоўяў. Каб атрымаць офер, прыйшлося прайсці 5 раўндаў інтэрв’ю з рознымі сябрамі каманды: з рэкруцёрам, Hiring Manager, Product Managers. Яшчэ быў Technical Coding Challenge з будучымі калегамі.

Чагосьці шалёна складанага не было — даволі звычайны фармат інтэрв’ю для еўрапейскай кампаніі. Акцэнт рабіўся на тваёй асабістай матывацыі, зацікаўленасці ў кампаніі, софт-скілах, «cultural fit».

Дадаткова абмяркоўваўся офер. На пачатку сумоўя мяне пыталіся пра дыяпазон заробкаў. Я пазначыў 58-65 тысяч еўра грос на год, у выніку мне прапанавалі 72 тысячы еўра.

Таксама кампанія прапанавала іншыя бенефіты:

На той момант у мяне не было кароткатэрміновых планаў па пераездзе ў Швейцарыю. Я хацеў пажыць у Германіі яшчэ пару гадоў, каб выканаць умовы па натуралізацыі (5 гадоў) і падацца на нямецкі пашпарт, а толькі потым пераехаць.

Але ў Германіі адбываюцца палітычныя змены і ёсць рызыка, што нядаўна прыняты закон аб грамадзянстве скасуюць і вернуць восем гадоў замест пяці, неабходных для натуралізацыі. Таму як толькі даведаўся, што мяне могуць рэлакаваць у Цюрых, вырашыў скарыстацца магчымасцю. Менеджары былі «за».

«Кампаніі трэба давесці, чаму той ці іншы спецыяліст абавязкова павінен пераехаць у Швейцарыю»

У Швейцарыю праблематычна пераехаць па працы спецыялістам з пашпартамі трэціх краін (Non-EU). Гэта асобны працэс, які можа заняць да паўгода.

Па-першае, ёсць абмежаванне на колькасць спецыялістаў з краін, што не ўваходзяць у ЕС, якіх могуць наняць кампаніі ў Швейцарыі.

Квоту штогод устанаўлівае ўрад Швейцарыі. Яна складае каля 4000 чалавек на год (змяняецца штогод). Значную частку квоты забіраюць кампаніі накшталт Google і Microsoft.

Па-другое, кампанія са Швейцарыі абавязаная давесці, чым унікальны канкрэтны спецыяліст з трэцяй краіны, чаму ніхто са Швейцарыі і ўсяго Еўрасаюза не падыходзіць на гэтую пазіцыю. Трэба чатыры тыдні сумовіць кандыдатаў са Швейцарыі і ЕС і даць поўнае абгрунтаванне, чаму не падышоў аніводны з кандыдатаў. Толькі пасля гэтага можна паспрабаваць наняць спецыяліста з Non-EU.

Кампаніі трэба давесці, чаму той ці іншы спецыяліст абавязкова павінен пераехаць у Швейцарыю, і чаму ён не можа працаваць аддалена, напрыклад, з Германіі. Праз усе складанасці большасць арганізацый нават не сумовіць людзей з не ЕС. Кампаніі, якія наймаюць людзей з трэціх краін, у Швейцарыі можна пералічыць па пальцах.

У маім выпадку ўвесь працэс заняў чатыры тыдні ад падачы заявы ў міграцыйнае ведамства Швейцарыі і атрымання выніку. Кампанія супрацоўнічае з агенцтвам, якое перавозіць супрацоўнікаў у любую краіну. Яны знаюць усе тонкасці працы з міграцыйнай службай. У большасці кампаній са Швейцарыі такой магчымасці няма.

«У замежнага спецыяліста даход мае быць параўнальны з прыбыткам грамадзяніна Швейцарыі на такой жа пазіцыі»

Мне спатрэбілася значна менш дакументаў для пераезду ў Швейцарыю, чым у Германію. Ад мяне патрабаваўся толькі пашпарт, скан дыплома без адзнак і нямецкая даведка аб адсутнасці судзімасцяў. На гэтым усё.

Не трэба было пацвярджаць ані ведаў моў, ані сваёй кваліфікацыі. Былі толькі патрабаванні па даходах.

У замежнага спецыяліста даход мае быць параўнальны з прыбыткам грамадзяніна Швейцарыі на такой жа пазіцыі. Міграцыйнае ведамства сочыць, каб замежнік атрымліваў не менш за мясцовыя.

У Берлін я пераязджаў па Blue Card EU. Гэтая доўгатэрміновая віза для высокакваліфікаваных спецыялістаў. Але ў Швейцарыі па Blue Card EU працаваць няможна. Мне спатрэбілася атрымаць дазвол на жыхарства ў Швейцарыі. Толькі нядаўна закрыў усе пытанні з легалізацыяй.

Зарэгістравацца на падачу на ДНЖ можна адразу па прыездзе ў краіну — у той жа дзень. Праз тыдзень-два трэба здаць біяметрыку, яшчэ праз 3-4 дні ДНЖ прыходзіць па пошце.

Дазвол на жыхарства залежыць ад працягласці кантракту і ўмоў працы. У мяне пастаянны кантракт. Для грамадзян трэціх краін выдаюць ДНЖ на адзін год і штогод яго трэба падаўжаць. Для грамадзян ЕС выдаюць адразу на 5 гадоў.

Калі страціш працу ў Швейцарыі і не знойдзеш новай праз 30 дзён пасля заканчэння кантракта, то цябе абавяжуць з’ехаць з краіны.

Дарэчы, быў яшчэ адзін цікавы момант, калі я адкрываў рахунак у банку UBS. Супрацоўніца папярэдзіла, што мне няможна рабіць аніякія пераводы, няможна здымаць гатоўку, аплачваць пакупкі ў Беларусі або Расіі, калі я раптам туды паеду. Мне сказалі, што калі я зраблю любыя фінансавыя аперацыі, звязаныя з Беларуссю/Расіяй, будуць праблемы. Якія праблемы, я не ўдакладняў, але мяне прасілі не карыстацца карткай і не рабіць ніякіх транзакцый у гэтых краінах.

«Жывучы ў Цюрыху, я недзе каля 56 дзён у годзе працую проста на падаткі»

У кампаніі працуе больш за 3 тысячы чалавек ва ўсім свеце. Я знаю некаторых калег з Беларусі, Расіі і Украіны. Калегі цалкам з розных краін і кампанія робіць вялікі фокус на diversity.

У кампаніі гібрыдны рэжым з 2-3 днямі ў офісе, далей можна працаваць з дому. Перапрацоўкі (якіх вельмі мала) кампенсуюцца.

У супрацоўнікаў у Швейцарыі ёсць 2 тыдні вакацый у часе навагодніх святаў дадаткова да асноўнага адпачынку. Плюс ёсць flexible vacations, калі ты можаш узяць дадаткова дні на ўзгадненне ў выпадку, калі нават увесь адпачынак ужо вычарпаны.

Ёсць зніжкі на абеды і каву і зніжкі на тавары ў крамах партнёраў (у асноўным, гэта спартыўны інвентар). 

Па-мойму, узровень заробкаў у ІТ-кампаніях у Швейцарыі дастатковы для камфортнага жыцця. Напрыклад, у Цюрыху медыянны заробак ІТ-спецыяліста складае больш за 10 тысяч еўра брута. 

Падаходны падатак залежыць ад памеру гадавой зарплаты, рэгіёна (кантона), горада і муніцыпалітэта. У Цюрыху, напрыклад, розніца паміж брута і нета заробкам пасля выліку ўсіх падаткаў складае каля 23-25%. Звычайна на падаткі сыходзяць дзве месячныя зарплаты. То-бок, жывучы ў Цюрыху, я дзесьці каля 56 дзён у годзе працую проста на падаткі.

«Знайсці кватэру без знаёмстваў цяжка пачаткоўцу»

Пакуль здымаю ў сябра пакой у трохпакаёвай кватэры на беразе Цюрыхскага возера за 20 хвілін ад горада. Арэндная плата складае 1100 еўра ўключаючы камунальныя паслугі.

Але пакой — гэта часовы варыянт. Цяпер шукаю кватэру. Але знайсці жыллё ў Цюрыху — гэта як знайсці працу. Патрабуецца час.

Знайсці кватэру без знаёмстваў цяжка пачаткоўцу: няма крэдытнага рэйтынгу, няма першых трох заробкаў, няма рэкамендацый ад папярэдніх лэндлордаў.

У Цюрыху шмат кватэр здаецца ў арэнду без мэблі. Сярэдняя цана арэнды кватэры залежыць ад месца знаходжання. 

Складана ацаніць дакладную суму выдаткаў. На бягучы момант гэта каля 2200 еўра на месяц. Сюды ўваходзяць арэнда (1100 еўра), прадукты харчавання (500+ еўра), мабільная сувязь (60+ еўра), абанемент у спа (120+ еўра).

Буду глядзець па сітуацыі: магчыма, здыму кватэру на ўскрайку горада, дзе арэнда ніжэйшая і можна знайсці штосьці большае. Балазе транспарт ходзіць ідэальна, таму неабавязкова жыць у самім горадзе.

У Швейцарыі працуе прынцып: важна не як далёка я жыву ад горада, а як хутка я магу дабрацца ў цэнтр цягнікамі, якія ходзяць як гадзіннік.

Цюрых у гэтым плане ўтульны горад. Па ім зручна перасоўвацца дзякуючы развітой сістэме грамадскага транспарту, асабліва цягнікамі. Усё сінхранізавана, я ніколі не чакаю больш як 5 хвілін, каб перасесці на іншы цягнік, аўтобус, калі кудысьці падарожнічаю.

Я знаю калег-беларусаў, якія пасля 10 гадоў у Цюрыху кажуць, што не ўяўляюць сабе жыцця дзе-небудзь яшчэ. Калі яны падарожнічаюць у іншую краіну, ім даводзіцца ісці на кампрамісы, бо няма той ідэальнасці, арганізаванасці, як у Швейцарыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула