БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, дзе зімуюць нашыя вяртлявыя чаротаўкі

1.03.2025 / 22:36

Nashaniva.com

У сярэдзіне лютага нашыя вяртлявыя чаротаўкі выправіліся з Афрыкі на Радзіму. Да родных балот — 7000-8000 км, і яны дабяруцца туды толькі ў канцы красавіка. Між тым праведзенае спецыяльнае даследаванне дазволіла высветліць, дзе менавіта ў Афрыцы яны зімуюць, піша «Дзікая прырода побач».

Вяртлявая чаротаўка. Фота: guide.birdingbelarus.by

Арнітолагі з Міжнароднай групы па захаванні вяртлявай чаротаўкі зрабілі візуалізацыю на аснове даных геалакатараў, прымацаваных на птушках. Жоўтыя кропкі на карце — вяртлявыя чаротаўкі з беларускага заказніка «Сэрвач», а чырвоныя — з літоўскага Клёшаўскага запаведніка.

Высветлілася, што нашыя і літоўскія чаротаўкі зімуюць у Малі. Папярэдняе даследаванне засведчыла, што ў гэтай самай краіне зімуюць і чаротаўкі з паўднёвай Беларусі і цэнтральнай Украіны.

Падчас даследавання былі і незвычайныя назіранні. Адна з літоўскіх птушак у канцы ліпеня пераляцела на беларускае балота Сэрвач, пераадолеўшы 400 км. Там яна патусіла 10 дзён, а потым вярнулася ў Літву і адтуль ужо, як і іншыя, выправілася ў Афрыку.

Яшчэ адна вяртлявая чаротаўка з Літвы абрала незвычайны маршрут. Яна абляцела Атласкія горы з усходу, без прыпынкаў перасекла Сахару і асела ў Нігерыі, за 1000 км на ўсход ад астатніх вяртлявак з геалакатарамі. Тым жа маршрутам яна вярнулася потым на месца гнездавання.

Вяртлявая чаротаўка — вельмі рэдкая птушка, і ёй пагражае глабальнае знікненне. Менавіта на беларускіх асаковых балотах гняздуецца каля 40% глабальнай папуляцыі гэтага віду, але колькасць іх зніжаецца праз зарастанне балотаў трыснягом і вербалозам.

Чытайце таксама:

У цэнтры Белавежскай пушчы пабачылі амерыканскага госця

Пад Карэлічамі відавочцы выратавалі ястраба-перапёлачніка

На крайнім захадзе Беларусі пабачылі рэдкую птушку

У Барысаве на акно шматпавярховіка прыляцеў паўлін ФОТАФАКТ

Каментары да артыкула