У дзіцячай паліклініцы Кобрына растлумачылі, чаму неўролаг працуе толькі дзве гадзіны на дзень
Пасля хвалі абмеркавання ў інтэрнэце дзіўнага працоўнага графіка неўролага, кіраўніцтва кобрынскай дзіцячай паліклінікі пракаментавала сітуацыю.
Людміла Кулік. Скрыншот відэа ў тыктоку
Трапіць да неўролага ў дзіцячай паліклініцы ў Кобрыне сапраўдны квэст. Доктарка Ганна Радзевіч вядзе прыём у панядзелак, сераду, чацвер з 8:00 да 9:55, а ў аўторак з 9:00 да 12:51.
Адна з абураных жыхарак горада зняла відэа і выклала яго ў тыкток. Усяго за пяць дзён відэа набрала 1,4 мільёна праглядаў.
На сітуацыю адрэагавала кіраўніцтва той самай паліклінікі. У тыктоку з’явіўся адказ Людмілы Кулік, загадчыцы філіяла «Дзіцячая паліклініка» Кобрынскай цэнтральнай раённай бальніцы.
— Аўтарка відэа не перадае тую працу, якую выконвае дадзены спецыяліст. Доктарка-неўролаг працуе ў нас з 2017 года, яна зарэкамендавала сябе як добрасумленны, адказны супрацоўнік. Гэта было адзначана адміністрацыяй. Гэта адзначаюць і каментатары пад відэа.
Людміла Кулік кажа, што летась у студзені доктарку Ганну Радзевіч павысілі, яна стала намесніцай загадчыцы. Але, каб не сыходзіць са сваёй прафесіі, неўролаг вырашыла застацца працаваць на чвэрць стаўкі.
@vkobrine #рек #врек #вреках #рекомендация #беларусь #беларусь #беларусь #тикток #кобрин #брест #минск #барановичи #пинск #kobrin #brest #pinsk #baranovichi #вкобрине #палваныч #vkobrine #беларускіцікток #беларускітыкток ♬ The Luxury Lounge - Cassiopeia
Адшукаць новага неўролага спрабавалі, але без асаблівага поспеху.
— За гэты перыяд новых дактароў, маладых спецыялістаў да нас не размяркоўвалі. Хацелася б растлумачыць, што пры размеркаванні маладога спецыяліста ён да нас адразу не прыходзіць. Мы можам яго ўбачыць у лепшым выпадку праз год пасля праходжання інтэрнатуры на абласным узроўні.
Скончыць зварот Людміла Кулік спрабуе на пазітыве і кажа, што ў яе «ёсць на прыкмеце» кандыдат, які, імаверна, прыйдзе працаваць у паліклініку сёлета ў маі.
— Хацелася б нагадаць бацькам, што праходжанне медагляду з'яўляецца планавым мерапрыемствам і павінна планавацца, гэта значыць праводзіцца па папярэднім запісе, — скончыла свой зварот Кулік.
Пад відэа з’явілася шмат аднатыпных каментароў, дзе абвінавачваюць саміх беларусаў у тым, што яны незадаволены бясплатнай медыцынай — быццам бы праз гэта медыкі і сыходзяць з прафесіі. А загадчыцы кажуць, што «не трэба апраўдвацца». Тым жа, хто пытае, як усё ж звычайным людзям трапіць на прыём да спецыяліста з такім графікам, раяць самім вывучыцца на дактароў і працаваць у паліклініцы.
Чытайце таксама:
Маладая доктарка з Мінска расказала пра боль усіх участковых тэрапеўтаў
Галоўная доктарка мінскай бальніцы растлумачыла, чаму невялікія заробкі ў медыкаў — гэта добра