Мінская доктарка заклікала прышчапляцца ад кавіду
Каранавірусная інфекцыя ў Беларусі ўсё яшчэ фіксуецца, аднак адрозніць яе ад іншых захворванняў складана, адзначыла Наталля Сало, доктарка агульнай практыкі, загадчыца 2-га аддзялення агульнай практыкі 10-й гарадской паліклінікі Мінска, пішуць «Мінск-Навіны».
Па словах спецыяліста, сімптомы і плынь каранавіруса падобныя да іншых сезонных інфекцый, якіх цяпер шмат. Каб пацвердзіць дыягназ, праводзяцца спецыяльныя тэсты.
— Думаю, ён ужо не знікне, а застанецца з намі ў выглядзе сезоннай інфекцыі. Таму пра вакцынацыю забывацца не варта, — падкрэсліла медык.
Наталля Сало нагадала, што Міністэрства аховы здароўя Беларусі працягнула вакцынацыю ад грыпу і COVID-19 на 2025 год, бо гэта адзіны даказаны метад прафілактыкі і абароны. Зараз даступная расійская прышчэпка «Канвасэл».
— Яшчэ не позна вакцынавацца, каб паспеў сфарміравацца імунітэт. Пакуль эпідэміі грыпу не назіраецца, можна гэта зрабіць, — адзначыла доктарка.
Трэба сказаць, што з ліпеня 2022 года афіцыйныя ўлады не паведамляюць пра колькасць выпадкаў кавіду ў краіне.