БЕЛ Ł РУС

Легкавікі мясцовай вытворчасці вярнулі лідарства на беларускім аўтамабільным рынку

5.03.2025 / 20:22

Nashaniva.com

Рынак продажаў новых легкавых аўтамабіляў дылерамі ў лютым працягнуў свой рост, але ягоныя тэмпы запавольваюцца. Пра гэта паведаміла Беларуская аўтамабільная асацыяцыя.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Паведамляецца, што «продажы новых легкавых аўтамабіляў у мінулым месяцы склалі 4598 адзінак, што на 83% перавышае вынік лютага 2024 года». Адносна студзеня 2025-га продажы выраслі на 11,5%.

Як падкрэслілі эксперты, доля аўтамашын Belgee і Geely беларускай вытворчасці склала 48,3%, «што дазволіла мясцоваму аўтавытворцу вярнуць лідарства на аўтамабільным рынку». Месяцам раней на першае месца вырвалася расійская Lada, упершыню за шмат месяцаў зрушыўшы з яго машыны беларускай зборкі.

«Працягвае расці доля «зялёных аўтамабіляў» у дылерскіх продажах», — адзначылі ў асацыяцыі. У лютым 12,6% сукупных продажаў забяспечылі электрамабілі, уключаючы паслядоўныя гібрыды. А самымі папулярнымі ў беларусаў па-ранейшаму з'яўляюцца аўтамабілі-красоверы, адзначаюць эксперты.

Паведамляецца, што «складскія запасы ў большасці імпарцёраў не перавышаюць 1,5-месячны аб'ём продажаў і, верагодна, будуць вычарпаныя да сярэдзіны вясны».

«Рынак лютаўскіх продажаў — тыповы рынак «пакупніка». Па ўсіх прыкметах такі тып рынку продажаў новых легкавых аўтамабіляў захаваецца і ў найбліжэйшай будучыні», — прагназуюць у асацыяцыі.

Чытайце таксама:

У Беларусі пачалі прадаваць седан «бізнэс-класу» ад Lada, на які спрабавалі перасадзіць расійскіх чыноўнікаў. Што за ён і колькі каштуе

Сталі вядомыя дакладныя лічбы новага ўтыльзбору. Вось якія аўто падаражэюць

Лукашэнка зноў дазволіў выдаваць ільготныя крэдыты на куплю Belgee

Каментары да артыкула