Ва Украіне загінуў баец, які паходзіў з карэннага новазеландскага народа маары
Учора ў Кіеве развіталіся з ваяром Міжнароднага легіёна Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Дамінікам Абеленам з пазыўным «Толкіен». 28-гадовы Дамінік быў грамадзянінам Новай Зеландыі і прадстаўніком карэннага народа гэтай краіны — маары.
Дамінік Абелен быў прафесійным вайскоўцам, капралам Каралеўскага новазеландскага пяхотнага палка. Ён меў вопыт баявых дзеянняў падчас вайны ў Іраку.
У цывільным жыцці баец любіў падарожжы — пры жыцці паспеў наведаць больш за 60 краін.
Паведамляецца, што Дамінік Абелен стаў на абарону Украіны ў 2022 годзе. Спачатку ён быў вайсковым інструктарам, а пасля кулямётчыкам.
Дамінік загінуў яшчэ 23 жніўня 2022 года падчас баёў у раёне Вуглядара на Данбасе, але ягонае цела ўдалося вярнуць ва Украіну толькі цяпер.
У гонар загінулага ягоныя пабрацімы выканалі традыцыйны маарыйскі рытуальны танец ваяроў «Гака».
Чытайце таксама:
Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ
Анёл Смерці. Гісторыя беларускі, якая паведамляе родным загінулых каліноўцаў пра іх гібель
«Не адпускайце адно аднаго і ўсё». Гісторыі беларусак, якія чакаюць каханых з вайны