Пракапеня прадаў крыптабіржу Currency з беларускімі каранямі інвестарам
Інвестыцыйная кампанія VP Capital, якая належыць беларускаму прадпрымальніку Віктару Пракапеню, прадала крыптабіржу Currency.com групе інвестараў, прадстаўленых кампаніяй CXNEST Ltd, піша Office.life са спасылкай на Tradingview.
Гэтая кампанія была зарэгістравана ў кастрычніку 2023 года на Кіпры. Перамовы аб продажы працягваліся 18 месяцаў, а сума здзелкі не раскрываецца.
Прадстаўнік CXNEST Ltd Канстанцін Анісімаў адзначыў, што яны бачаць значны патэнцыял у развіцці платформы і плануюць інвеставаць у маштабнае пашырэнне яе магчымасцяў і каманды. Змена ўласнікаў крыптабіржы не паўплывае на яе працу, і карыстальнікі Currency.com працягнуць карыстацца бесперабойным доступам да платформы.
Здзелку ўхвалілі 28 дзяржаўных рэгулятараў у ЗША і Камісія па фінансавых паслугах Гібралтара. Currency.com атрымала ліцэнзію Гібралтара ў 2020 годзе і выйшла на амерыканскі рынак у 2022-м.
У 2022 годзе VP Capital вылучыла з структуры Currency.com беларускае падраздзяленне, якое стала асобнай кампаніяй пад назвай «Дзеньгі Ком». У 2023 годзе гэтая кампанія была прададзена групе беларускіх прадпрымальнікаў. Гэтая здзелка азначае завяршэнне выхаду VP Capital з крыптапраектаў. Раней, у 2021 годзе, кампанія выкупіла долі партнёраў у праектах Capital.com і Currency.com, пасля чаго ў 2022 годзе прадала сваю долю ў кампаніі Banuba менеджменту кампаніі.