У Мінску прадаецца кватэра, з якой можна выйсці праз акно
Двухпакаёвая кватэра плошчай 42 квадратныя метры знаходзіцца ў цагляным чатырохпавярховым доме ў Партызанскім раёне сталіцы, на вуліцы Жылуновіча, 31, піша Onliner.by.
Дадатковы выхад праз акно з электрапад’ёмнікам быў абсталяваны для ўладальніка, які меў абмежаванні ў перамяшчэнні.
Паводле слоў спецыяліста па нерухомасці, хоць новы ўласнік, які атрымаў кватэру ў спадчыну, ужо не мае патрэбы ў гэтым механізме, адміністрацыя раёна адмаўляецца яго дэмантаваць.
— Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі такі варыянт жылля можа стаць сапраўдным выратаваннем, бо не ва ўсіх пад’ездах, з улікам канструктыўных асаблівасцяў, ёсць электрапад’ёмнікі. У цэлым гэтую кватэру могуць разгледзець да куплі і звычайныя беларусы. Новы ўласнік «двушкі» зможа дэмантаваць пад’ёмнік, але выключна за ўласны кошт, — растлумачылі ў агенцтве.
Уладальнік незвычайнай кватэры гатовы прадаць яе за $62 500 па курсе.