БЕЛ Ł РУС

Стала вядома пра смерць 47-гадовага бізнэсмена і былога палітвязня Дзяніса Бойдака

23.03.2025 / 10:41

Nashaniva.com

Дзяніс памёр у чэрвені 2024 года. Хутчэй за ўсё, ён быў на хіміі за ўдзел у пратэстах.

Дзяніс Бойдак. Фота з ягонай старонкі ў Аднакласніках

Мінчуку Дзянісу Бойдаку было 47 гадоў. Згодна з інфармацыяй з сацсетак, пасля школы вучыўся ў Інстытуце сучасных ведаў імя Шырокава, а потым заняўся бізнэсам.

Бойдак больш за 20 гадоў займаўся продажам адзення — оптам і ў розніцу — і меў некалькі бізнэсаў. Да нядаўняга часу ў Бойдака было некалькі кропак па Мінску, дзе прадавалася адзенне.

Дзяніс Бойдак. Фота з ягонага Facebook

8 чэрвеня 2023 года ў Кастрычніцкім судзе Мінска Дзяніса судзілі за ўдзел у пратэстах па «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. У большасці падобных выпадкаў чалавек некалькі месяцаў да суда знаходзіцца ў СІЗА, а пасля атрымлівае хімію — з накіраваннем ці хатнюю, — і вызваляецца.

Дакладны прысуд Бойдаку невядомы, але, хутчэй за ўсё, яму таксама далі хімію.

30 чэрвеня 2023 года, праз некалькі тыдняў пасля суда, міліцыя ўключыла яго ў спіс «экстрэмістаў». Гэта значыць, што Бойдак вырашыў не пісаць апеляцыю і прысуд набыў сілу.

Тым часам бізнэс сыпаўся — улетку 2023 закрылася адна з ягоных фірмаў, ІП было ў стане ліквідацыі. Засталася толькі адна юрыдычная асоба, да якой меў дачыненне Дзяніс і дзе ён быў дырэктарам.

Дзяніс Бойдак памёр 4 чэрвеня 2024 года. Прычына ягонай смерці невядомая.

«Самы непарушны чалавек, ён выбіраўся з любога га*на. Ён ніколі не здаваўся, што б ні адбывалася», — пракаментавала ў фэйсбуку яго сяброўка. Дзясяткі чалавек, якія ведалі Дзяніса, напісалі словы спачування.

Магіла Дзяніса Бойдака. Фота: pomnim.com.ua

Чытайце таксама:

Стала вядома пра смерць 41-гадовага былога палітвязня з Гродна Аляксея Аўсюкевіча

Праз тры месяцы пасля вызвалення з наваполацкай калоніі памёр былы палітвязень. Яму было 48

«Хтосьці даведаўся, дзе мы трымаем грошы, і падмяніў іх». Экс-палітвязня з сям'ёй абрабавалі ў Грузіі

Каментары да артыкула