БЕЛ Ł РУС

Жанчыне, якая выгукнула ў філармоніі «Слава Украіне!», далі 20 сутак

26.03.2025 / 16:1

Nashaniva.com

Па даносе прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай затрымалі 52-гадовую Ірыну Саланкову, якая пасля выступлення Луганскага тэатра ў Мінску выгукнула «Слава Украіне!»

Скрын відэа Ксеніі Лебедзевай

52-гадовую мінчанку Ірыну Саланкову затрымалі 24 сакавіка. 26 сакавіка ў судзе Савецкага раёна адбыўся суд. Жанчыну пакаралі за «правядзенне масавага мерапрыемства» і «супраціў міліцыі» і далі 20 сутак.

Ірына патлумачыла, што словамі «Слава Украіне!» падтрымала народ Украіны і пажадала краіне росквіту. 

У гэтыя дні Луганскі тэатр гастралюе ў Беларусі. У нядзелю, 23 сакавіка, на сцэне Белдзяржфілармоніі давалі рок-оперу «Распятае юнацтва».

Прапагандыстка БТ і зацятая прыхільніца вайны Ксенія Лебедзева напісала ў сваім тэлеграм-канале, што пакуль адны «апладзіравалі са слязамі на вачах», адна з жанчын стала крычаць «Слава Украіне!»

Лебедзева абразліва назвала жанчыну «нацысткай і бандэраўкай» і папрасіла падпісчыкаў дапамогі ў ідэнтыфікацыі жанчыны. 

Прапагандыстка, якая і напісала пра суд над Саланковай, сцвярджае, што жанчына супраціўлялася міліцыі пры затрыманні: «падала на падлогу, упіралася ў дзвярны праём — у міліцэйскі аўтамабіль яе заносілі чатыры супрацоўнікі». 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула