БЕЛ Ł РУС

USAGM пагадзілася выдзеліць частку гранта Радыё Свабода, пакуль суд разглядае справу

25.03.2025 / 8:18

Nashaniva.com

Агенцтва ЗША па глабальных медыя (USAGM) пагадзілася выдзеліць медыякарпарацыі Радыё Свабода/Радыё Свабодная Еўропа частку сродкаў, выдзеленых Кангрэсам. Пра гэта стала вядома 24 сакавіка, напярэдадні запланаванага судовага паседжання па іску РСЕ/РС супраць кіраўніцтва агенцтва. Іск звязаны з спробай USAGM спыніць фінансаванне Радыё Свабода/Радыё Свабодная Еўропа, паведамляе Расійская служба медыякарпарацыі.

Гэта азначае, што РСЕ/РС атрымае 7,46 мільёна даляраў — суму, якая пакрывае перыяд з 1 па 14 сакавіка, то бок да дня, калі адна з часовых кіраўніц USAGM Кэры Лейк заявіла аб адмове выдзеліць медыяарганізацыі грантавыя сродкі.

«Агенцтва неадкладна прыняло адміністрацыйныя захады для ініцыявання выплаты», — гаворыцца ў лісце USAGM, далучаным да судовай справы. Удакладняецца, што сродкі павінны быць пералічаныя да 26 сакавіка, а РСЕ/РС атрымае іх да канца месяца.

На судовым паседжанні 24 сакавіка прадстаўніца Міністэрства юстыцыі ЗША Абіґейл Стоўт, якая выступала ад імя USAGM, заявіла, што грантавае пагадненне паміж агенцтвам і РСЕ/РС, у адпаведнасці з Законам аб міжнародным вяшчанні, дазваляе USAGM спыняць фінансаванне, калі медыякарпарацыя не выконвае ўмовы пагаднення. «Такім чынам, закон прадугледжвае, што агенцтва можа спыніць прадастаўленне гранта», — паведаміла Стоўт.

Прадстаўнік інтарэсаў РСЕ/РС адвакат Дэвід Зіонтс адзначыў, што «не было б ніякага сэнсу», калі б Кангрэс ухваляў фінансаванне толькі дзеля таго, каб «агенцтвы маглі рабіць усё, што ім захочацца».

Радыё Свабода/Радыё Свабодная Еўропа працягвае дамагацца выплаты астатняй часткі гранта, разлічанай на бюджэтны 2025 год, то бок да 30 верасня 2025 года. Медыякарпарацыя таксама падала ў суд хадайніцтва аб папярэдняй судовай забароне на спыненне фінансавання. Суддзя Ройс Ламберт павінен прыняць рашэнне па гэтым пытанні ў найбліжэйшыя тыдні.

Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода 18 сакавіка падала пазоў у суд на Агенцтва ЗША па глабальных медыя, а таксама на службовых асоб арганізацыі Кэры Лейк і Віктара Маралеса, каб заблакаваць іх спробы спыніць дзеянне зацверджанага Кангрэсам ЗША гранта, выдзеленага на працу арганізацыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула