«Наганяе адчуванне смерці і безвыходнасці, хочацца найхутчэй пакінуць». Беларускі запісалі дзіўны дыялог турыста ў Белавежскай пушчы
Турыст дзеліцца сваімі парадаксальнымі адчуваннямі і задае нечаканыя пытанні, пакуль ад смеху плача палова маршруткі.
Зубры. Ілюстрацыйнае фота
Ролік, які быў апублікаваны ў тыктоку @naidzx.3, за суткі сабраў ужо амаль паўмільёна праглядаў. Чатыры дзяўчыны на заднім сядзенні маршруткі ледзь стрымліваюцца ад смеху, чуючы побач дыялог невядомага мужчыны, які ні разу не трапляе ў кадр, з нейкай жанчынай.
Стрымацца сапраўды цяжка з першых жа секунд, калі мужчына, веды якога пра Белавежскую пушчу, відаць, грунтаваліся выключна на аднайменнай песні «Песняроў», трохі расчаравана паведамляе:
«Я думаў, у Белавежскай пушчы нельга купіць спрайт ці колу, але дзякуй Богу прадаецца. Я думаў, тут толькі крынічная вада… і сліна зуброў».
Вымаўляе ён гэта вельмі дзіўным павольным і спакойным голасам, без намёку на жарт, праз што дзяўчатам становіцца яшчэ смяшней. «А чаго ўсе смяюцца?» — пытаецца мужчына пасля доўгай паўзы.
Кожная новая фраза турыста становіцца ўсё больш дзіўнай:
— Тут людзі жывуць ці гэта дэкаратыўныя домікі?
— Жывуць, жывуць.
— Жывуць? У Каменюках? (вёска на ўездзе ў пушчу — НН)
— Так.
— А як іх называюць, камянюкцы?
— Напэўна так.
— А калі гэта яна?..
Кожная рэпліка канчаецца выбухам смеху на заднім радзе. Смяюцца з мужчыны і каментатары. Праўда, некаторыя ў ягоных дзіўных пытаннях пазнаюць сябе на экскурсіі.
Вуліца ў Каменюках. Фота: Wikimedia Commons
— А чаму мы так доўга стаім?
— Яшчэ хвілінку і паедзем.
— Так?
— Мы запраўляемся.
— Гэты населены пункт наганяе на мяне нуду і адчуванне смерці і безвыходнасці. Я хачу яго найхутчэй пакінуць.
Каментатары губляюцца ў здагадцы, ці гэта стэндапер, ці аматар гераінавай філасофіі. Але гэта дакладна самы незвычайны водгук на беларускі турызм за апошнія гады.