БЕЛ Ł РУС

ЗША дамовіліся з Украінай і Расіяй аб забароне атак у Чорным моры

25.03.2025 / 19:2

Nashaniva.com

Падчас перамоў у Эр-Рыядзе дэлегацыя ЗША дамовілася з прадстаўнікамі Украіны і Расіі спыніць атакі на камерцыйныя судны ў Чорным моры, вынікае з паведамленняў Белага дома.

Амерыканская і расійская дэлегацыі на папярэднім раўндзе перамоў у Эр-Рыядзе 18 лютага (Саудаўская Аравія). Фота: МЗС Расіі

«Злучаныя Штаты і Украіна дамовіліся забяспечыць бяспечнае суднаходства, выключыць прымяненне сілы і прадухіліць выкарыстанне камерцыйных судоў у ваенных мэтах у Чорным моры», — сказана ў заяве Белага дома.

Такую ж дамоўленасць заключылі і падчас перамоў з расійскім бокам.

Па словах Уладзіміра Зяленскага, дамоўленасць можа пачаць дзейнічаць з 25 сакавіка. Згодна з заявай з расійскага боку, «рэжым цішыні» ў Чорным моры пачне дзейнічаць пасля адмены санкцый супраць «Россельхозбанка» і іншых, што забяспечваюць гандаль.

Забарона на ўдары па аб'ектах энергетыкі, па паведамленні Крамля, дзейнічае 30 дзён і адлічваецца з 18 сакавіка.

Міністр абароны Украіны Рустэм Умераў дадаткова падкрэсліў, перасоўванне Расіяй сваіх ваенных судоў за межы ўсходняй часткі Чорнага мора будзе лічыцца парушэннем гэтай дамоўленасці і будзе разглядацца як парушэнне абавязацельстваў забяспечыць свабоду суднаходства ў Чорным моры і пагрозу нацыянальнай бяспекі Украіны.

«У такім выпадку, Украіна будзе мець поўнае права рэалізоўваць права на самаабарону», — напісаў ён.

Таксама дэлегацыя ЗША асобна з Украінай і Расіяй дамовілася распрацаваць меры для ўзаемнага спынення нападаў па энергетычных аб'ектах Расіі і Украіны.

У Белым доме адзначылі, што дапамогуць аднавіць доступ Расіі да сусветнага рынку экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і ўгнаенняў, знізіць выдаткі на марское страхаванне і пашырыць доступ да партоў і плацежных сістэм для такіх аперацый.

Папярэдні раўнд перамоў паміж дэлегацыямі Украіны і ЗША прайшоў 11 сакавіка ў Джыдзе. Па яго выніках Украіна пагадзілася на неадкладнае часовае перамір'е — за гэта Вашынгтон вырашыў аднавіць дапамогу і абмен звесткамі выведкі.

Уладзімір Зяленскі заявіў, што спыненне агню на 30 дзён запрацуе для ўсёй лініі фронту, калі на гэта пагодзіцца Расія.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула