Аляксандр Лукашэнка-малодшы засвяціўся ў рыбным бізнэсе
Старэйшы сын Віктара Лукашэнкі, Аляксандр Лукашэнка-малодшы, працаваў у кампаніі «Марскія сезоны», якая належыць Людміле Няронскай. Паводле даных, атрыманых ад «КіберПартызанаў», вядома, што ўнук Аляксандра Лукашэнкі лічыўся супрацоўнікам кампаніі як мінімум з 27 жніўня па 30 верасня 2024 года, піша «Бюро».
Сям'я Віктара Лукашэнкі. Фота: БелТА
Аляксандр Лукашэнка-малодшы не надта публічная персона і з'яўляецца пераважна толькі на дабрачынных мерапрыемствах, у якіх удзельнічае ягоная сям’я. Цяпер 20-гадовы сын Віктара Лукашэнкі вучыцца ў БДУ на англамоўнай праграме па бізнэс-адміністраванні.
Кампанія «Марскія сезоны» з’явілася восенню 2022 года, цяпер яна будуе рыбаперапрацоўчы завод у свабоднай эканамічнай зоне «Віцебск». Фірма атрымала розныя падатковыя і мытныя льготы ад уладаў. Акрамя таго, дзяржава выдзеліла льготны крэдыт на будаўніцтва завода ў памеры 240 мільёнаў рублёў. У гэтай жа кампаніі працуе зяць Віктара Лукашэнкі — Дзмітрый Дзятлаў.
Уладальніца «Марскіх сезонаў» Людміла Няронская даўно звязаная з сям’ёй Віктара Лукашэнкі. Дзеці Няронскай і Лукашэнкі разам вучыліся ў прэстыжнай мінскай гімназіі №16. Дарэчы, там жа Няронская і Лілія Лукашэнка ўваходзілі ў апякунчую раду.
У 2019 годзе Няронская разам з жонкай і дзецьмі Віктара Лукашэнкі лятала на прыватным бізнэс-джэце з Мінска ў Дубай. На зваротным шляху да іх далучыўся і сам Віктар.