Кіраўніцу Гагаузіі арыштавалі ў аэрапорце Кішынёва пры спробе пакінуць краіну
Кіраўніца аўтаномнага рэгіёна Гагаузія ў складзе Малдовы Яўгенія Гуцул была затрыманая ў аўторак супрацоўнікамі антыкарупцыйнага ўпраўлення падчас спробы пакінуць краіну. Яе затрымалі на 72 гадзіны ў аэрапорце Кішынёва.
Гэтую інфармацыю пацвердзіла малдаўскай службе Радыё Свабода прэс-сакратар Нацыянальнага антыкарупцыйнага цэнтра Анджэла Старынскі. Паводле яе слоў, больш падрабязная інфармацыя будзе прадстаўлена ў сераду.
У Малдове супраць Гуцул распачаты дзве крымінальныя справы: адна — пра незаконнае фінансаванне яе палітычнай дзейнасці (у тым ліку пра ўвоз грошай з Расіі), другая — пра ўдзел у арганізацыі пратэстаў у Кішынёве ў 2022 годзе. Сама Яўгенія Гуцул адмаўляе сваю датычнасць да гэтых падзей і называе справу палітычна матываванай.
Учорашняму затрыманню папярэднічала заява Антыкарупцыйнай пракуратуры Малдовы пра завяршэнне прадстаўлення доказаў у справе аб незаконным фінансаванні.
У 2024 годзе ЗША і Еўрасаюз унеслі Гуцул у свае санкцыйныя спісы. Паводле ўладаў ЕС, яна разам з некалькімі іншымі гагаузскімі палітыкамі падрывае стабільнасць у Малдове.
Гагаузія — аўтаномная вобласць Малдовы з пераважна рускамоўным насельніцтвам. Рэгіён традыцыйна выступае за збліжэнне з Расіяй і супраць інтэграцыі Малдовы ў Еўрапейскі саюз. Паводле вынікаў рэферэндуму, які адбыўся ў лютым 2014 года, больш за 98 працэнтаў удзельнікаў выказаліся за інтэграцыю Малдовы ў Мытны саюз.