Анархісту Мікіту Емяльянаву, асуджанаму на 6 гадоў калоніі, дадалі яшчэ адзін год
Ён меўся выйсці на волю сёлета.
Мікіта Емяльянаў. Фота: Радыё Свабода
25-гадоваму анархісту Мікіту Емяльянаву, які адбывае пакаранне ў калоніі, дадалі яшчэ адзін год зняволення, паведамляе тэлеграм-канал «АЧК-Беларусь».
Новае абвінавачанне вынесена па артыкуле 411 КК — «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Мікіта абскардзіў прысуд, і апеляцыйны разгляд запланаваны на красавік. Паводле інфармацыі канала, Емяльянаў меў выйсці на волю ўжо сёлета.
Мікіту Емяльянава затрымалі восенню 2019 года. У 2020 годзе яго асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі паводле некалькіх артыкулаў: наўмыснае пашкоджанне маёмасці (арт. 218 КК), апаганьванне будынкаў і збудаванняў (арт. 341 КК), а таксама незаконныя дзеянні ў дачыненні да зброі і выбуховых рэчываў (арт. 295 КК).
Пазней апеляцыйны суд скараціў тэрмін да 4 гадоў, але падчас зняволення яго двойчы пераводзілі на турэмны рэжым. Таксама суд двойчы дадаваў яму пагоду калоніі паводле ўсё таго ж артыкула 411 КК за непадпарадкаванне адміністрацыі.