66-гадовая жыхарка Берліна нарадзіла дзіця. Горад стаіць на вушах
Некалькі дзён таму ў бальніцы раёна Ведынг у Берліне нарадзіўся здаровы хлопчык Філіп (праз кесарава сячэнне): 50 сантыметраў росту, 3550 грамаў вагі. Роды прайшлі без ускладненняў, мама таксама адчувае сябе выдатна.
Здавалася б, звычайная гісторыя — але яна ператварылася ў сапраўдную сенсацыю, бо маці Філіпа — 66 гадоў, паведамляе тэлеграм-канал Genau.
Паводле інтэрв'ю, якія цяпер даводзіцца даваць Аляксандры Хільдэбрант, у гэтай гісторыі сутыкнуліся два сусветы: журналісты, для якіх гэта — сенсацыя, і яна сама, для якой нічога незвычайнага не адбылося. Вось фрагмент з інтэрв’ю:
— Чаму вы вырашылі нарадзіць дзясятае дзіця?
— А чаму не, калі я магу гэта зрабіць!?
Аляксандра Хільдэбрант нарадзілася ў Кіеве ў сям’і этнічных немцаў, працавала мастачкай, нарадзіла дваіх дзяцей, а ў 1990 годзе пераехала ў Берлін. Тут яна пазнаёмілася з заснавальнікам Музея Берлінскай сцяны Райнерам Хільдэбрантам, выйшла за яго замуж, а пасля яго смерці ўзначаліла музей — і кіруе ім дагэтуль.
Пазней Аляксандра зноў выйшла замуж — за берлінскага палітыка з партыі Хрысціянскіх дэмакратаў Даніэля Дормана — і ў 53 гады зноў пачала нараджаць.
За апошнія 13 гадоў у яе з’явілася восем дзяцей з прыгожымі імёнамі: Элізабэт, Максіміліян, Аляксандра, Леапольд, Ганна, Марыя, Катарына — і вось цяпер Філіп.
Сама дырэктарка музея знаходзіцца ў выдатнай фізічнай форме: не ўжывае алкаголю, не курыць, рэгулярна бегае па дзве гадзіны і плавае ў басейне. Кажа, што не заўважыла асаблівай розніцы паміж гэтай цяжарнасцю і папярэднімі — хіба што працы стала больш, а некалькі месяцаў таму сям’я пераехала ў нядаўна набыты дом. «Я сама сабрала 500 скрынак», — адзначае Аляксандра. Неўзабаве яна плануе вярнуцца да працы ў музеі.
Удалае нараджэнне дзіцяці ў такім узросце — з’ява рэдкая, але далёка не ўсім падабаецца, што Аляксандру абмяркоўваюць, нібыта яна рэдкі экспанат. Жанчын увогуле часта асуджаюць: нараджаеш занадта рана — кепска, нараджаеш занадта позна — зноў не так. Іх пастаянна параўноўваюць з нейкім (недасяжным) ідэалам.
«Нарадзіла ў 66 — і што?» — піша калумністка Tagesspiegel Даніэла Мартэнс. Ніхто ж не робіць сенсацыі з таго, што мужчына ў 66 стаў бацькам — дык і тут не трэба.