БЕЛ Ł РУС

Расійскі тэлеканал замазаў фота Алы Пугачовай у адным з фільмаў

27.03.2025 / 12:26

Nashaniva.com

Забаўляльны расійскі тэлеканал «Дом кіно», які належыць аператару «Трыкалор», адцэнзураваў фота спявачкі Алы Пугачовай падчас начнога эфіру фільма «Ледакол», піша «Агенцтва».

Ілюстрацыя «Агенцтва»

Фільм «Ледакол» выйшаў у 2016 годзе пры ўдзеле «Фонда кіно» і НТВ. Ён распавядае пра гісторыю ледакола «Міхаіл Громаў», які апынуўся заблакаваны антарктычнымі льдамі — у аснове ляжыць рэальны выпадак 1985 года з ледаколам «Міхаіл Сомаў».

У адным з момантаў герой фільма закрэслівае дату на календары за 1983 год. Пасля гэтага каляндар з фотаздымкам Пугачовай паказваецца буйным планам.

Аднак падчас трансляцыі на «Доме кіно» ў ноч з аўторка на сераду пазнаць, хто на фота, было немагчыма— твар быў размытай плямай.

Першы на факт цэнзуры звярнуў увагу глядач YouTube-канала Алега Кашына, які пакінуў адпаведны каментар пад стрымам. Скрыншот з яго словамі журналіст апублікаваў у сваім Telegram-канале.

Пугачова — адна з галоўных зорак познесавецкай эстрады — пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну асудзіла дзеянні Крамля і разам з мужам, Максімам Галкіным, з’ехала за мяжу.

Хаця ўлады Расіі не распачалі супраць яе крымінальных спраў і не прызналі яе «замежным агентам», пракрамлёўская прапаганда мэтанакіравана займаецца разбурэннем яе рэпутацыі. У сакавіку НТВ паказаў пяць фільмаў-пасквілей пра спявачку.

Гэта не першы выпадак цэнзуры на «Доме кіно».

У суботу канал замазаў афішы гурта «ДДТ» у фільме «Брат 2». Фронтмэн калектыву Юрый Шаўчук таксама асудзіў уварванне яшчэ ў першыя дні вайны.

Як у выпадку з Пугачовай, так і з Шаўчуком, ніякіх юрыдычных падстаў для замазвання іх вобразаў у кіно няма.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула