БЕЛ Ł РУС

Выратавальная аперацыя на палігоне ў Літве працягваецца. Чаму не ўдаецца адкрыць люк гусенічнай машыны?

27.03.2025 / 12:58

Nashaniva.com

абноўлена

Пошукі чацвярых зніклых амерыканскіх вайскоўцаў працягваюцца ўжо трэці дзень. На месцы здарэння — багністая мясцовасць, вайсковы палігон, тэхніка ратавальнікаў, цяжкая інжынерыя і глыбокая вада. Адно з ключавых пытанняў, якія хвалююць грамадскасць: калі бранямашыну ўжо знайшлі, чаму дагэтуль нельга праверыць, ці ёсць хтосьці ўнутры, піша «Волна».

Галоўнакамандуючы Арміі Літвы Раймандас Вайкшнорас, прэм'ер Гінтаўтас Палуцкас і міністр абароны Давіле Шакалене. Фота з фэйсбука Давіле Шакалене

Баявая машына, па паведамленнях вайскоўцаў, знаходзіцца на глыбіні прыкладна пяці метраў у балоце і паступова падтапляецца. Яе нават з цяжкасцю могуць намацаць металічнымі тросамі. Падрабязнасці аперацыі пакуль невядомыя, але, верагодна, машыну спрабуюць выцягнуць, а адначасова балота асушваюць і спрабуюць прадухіліць паступовае затапленне машыны (яна не герметычная).

Як паведаміла міністр абароны Давіле Шакалене, за апошнія суткі ў балоце быў пракладзены шлях для цяжкай тэхнікі. Цяпер задача — спыніць паступленне вады і забяспечыць доступ да бронемашыны. Калі гэта не атрымаецца, аперацыя можа зацягнуцца — магчыма, спатрэбіцца ўстаноўка паляў прама ў вадаём.

Шакалене падкрэсліла, што з сем'ямі зніклых вайскоўцаў падтрымліваецца пастаянная сувязь. Паводле яе, вайскоўцы знаходзіліся ў Літве каля двух месяцаў.

Камітэт па нацбяспецы і абароне Сейма таксама пацвердзіў: баявая машына сапраўды знойдзена, але доказаў гібелі вайскоўцаў па-ранейшаму няма. Літоўская армія працягвае пошукава-выратавальныя дзеянні.

Міністр таксама дадала, што паблізу месца затаплення праходзіць газаправод — яго бяспеку зараз правяраюць.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула