Лукашэнка звольніў чыноўніцу, якая кемарыла падчас ягонай інаўгурацыі
З пасады кіраўніка спраў Гомельскага аблвыканкама была звольненая Алена Клічкоўская. На яе месца прызначаны Аляксей Васючэнка, які да гэтага нядоўга працаваў кіраўніком адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля — менш за год, піша «Флагшток».
На афіцыйным сайце аблвыканкама Клічкоўская пакуль яшчэ значыцца як кіраўніца спраў.
Прычына звальнення афіцыйна не названа, аднак звесткі пра тое, што Клічкоўская драмала падчас інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, выклікалі шырокае абмеркаванне. Паводле інфармацыі, падчас трансляцыі рэжысёру давялося пераключыць камеру, каб не паказваць чыноўніцу, якая «клюе носам».
Ці стала гэтая сітуацыя прычынай яе звальнення — пакуль невядома.
Пакуль Клічкоўская застаецца старшынёй Гомельскай абласной арганізацыі праўладнага Саюза жанчын, але далейшы яе лёс у сістэме ўлады можа стаць паказальным. Ці будуць супраць яе ўжыты іншыя санкцыі — пакажа час.