У Чылі новая хваля цікаўнасці да Ігната Дамейкі: пра навукоўца здымаюць маштабны дакументальны фільм
Рэжысёр-дакументаліст Эрык Беліда здымае фільм пад назвай «Ігнасія Дамейка: жывая спадчына».
Задача фільма — праліць святло на невядомую спадчыну бацькі горнай справы Чылі і «без сумневу, вырашальнай фігуры ў інтэлектуальным развіцці Чылі ў XIX стагоддзі», піша тэлеграм-канал «De facto: Беларуская навука».
Шлях ураджэнца Беларусі (аўтары фільма называюць яго польска-чылійскім навукоўцам) будзе паказаны праз інтэрв'ю з вядомымі дзеячамі навукі і мастацтва, у прыватнасці з прадстаўнікамі галін геалогіі, горнай справы, вулканалогіі, абароны карэнных народаў, касмічнай навукі (метэарыты).
Восенню 2024 года рэжысёр абвяшчаў збор сродкаў на здымкі дакументальнага фільма. Гледзячы па ўсім, збор прайшоў паспяхова. Некалькі месяцаў таму выйшаў трэйлер дакументалкі. Прэм'еру фільма абяцаюць у канцы 2025 года.