Віцебскія чыноўнікі пераблыталі колеры на сцягу Расіі ФОТАФАКТ
У Віцебску з'явіліся плакаты да «Дня яднання народаў». На іх у вочы кідаецца адна дэталь.
У Віцебску рыхтуюцца святкаваць «Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі». З гэтай нагоды ў горадзе ўсталявалі спецыяльныя плакаты. Вось толькі ў іх пракралася памылка.
Невядомыя дызайнеры пераблыталі парадак колераў на расійскім трыкалоры. На плакаце, фота якога апублікавала мясцовая прарасійская актывістка Эльвіра Мірсалімава, змясцілі бел-чырвона-сіні сцяг, а не бела-сіне-чырвоны.
Такі сцяг зараз не выкарыстоўваецца ніводнай краінай. Але гістарычна ён належаў маленечкаму германскаму княству Шамбург-Ліпэ ў Ніжняй Саксоніі.