БЕЛ Ł РУС

Высадка ў Грэнландыі: Джэй Дзі Вэнс разам з жонкай прыляцеў на востраў без запрашэння

28.03.2025 / 15:53

Nashaniva.com

Візіт віцэ-прэзідэнта ЗША Джэя Дзі Вэнса і яго жонкі Ушы ў Грэнландыю выклікаў бурную крытыку як на самім востраве, так і ў Даніі.

Уша і Джэй Дзі Вэнс. Фота: Kevin Dietsch / Getty Images

Самалёт з сямейнай парай прызямліўся на амерыканскай вайсковай базе «Пітуфік» на паўночным захадзе Грэнландыі — далёка ад сталіцы Нуук, дзе візіт палічылі непажаданым. Урад Грэнландыі загадзя падкрэсліў, што «не запрашаў нікога — ні ў прыватным, ні ў афіцыйным парадку», піша Bild.

Грэнландцы востра адрэагавалі на чарговы візіт, асабліва пасля жарту Вэнса, які ён апублікаваў перад вылетам: «Раз усе так расхваляваліся з-за паездкі Ушы, я падумаў — няхай і мне будзе трохі весялей, палячу з ёй».

На фоне ранейшых заяў Дональда Трампа пра намер «анексаваць або выкупіць» востраў, падобныя словы толькі ўзмацнілі напружанне.

«Мы не можам прыняць паўтаральныя заявы пра далучэнне і кантроль над Грэнландыяй», — адказаў прэм’ер-міністр вострава Мутэ Эгедэ.

Вэнс заявіў, што прыбыў, каб праверыць «бяспеку на базе» і нагадаў, што «многія краіны пагражаюць Грэнландыі, яе тэрыторыі і марскім шляхам».

Аднак улады вострава ўпэўненыя, што справа зусім не ў бяспецы. Прэм’ер-міністр Даніі Метэ Фрэдэрыксен прама заявіла, што дзеянні ЗША — гэта «непрымальны ціск» і што «гаворка дакладна не ідзе пра патрэбы і жаданні Грэнландыі».

Пад націскам крытыкі амерыканская дэлегацыя скарочвае час знаходжання на востраве да аднаго дня. Уша Вэнс таксама адмяніла ўдзел у спаборніцтвах па яздзе на сабачых упрэжках.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула