Давыдзька паехаў у Расію пабірацца па старых сябрах і перастаў плаціць за мабільны — яго падхапіў крыптабізнэсмен
Тэлеграм-акаўнт на нумары тэлефона, які раней належаў прапагандысту і акцёру Генадзю Давыдзьку, з нядаўняга часу стаў публікаваць дзіўныя рэчы — скрыншоты сотняў тысяч даляраў на крыптакашальках, раз'езды маладых людзей на прэміяльных машынах. Назва профіля скарацілася да лаканічнага «Гена». Сам Давыдзька ў гэты час зарабляе на трэцярадным расійскім ток-шоу і падпрацоўвае ў старога таварыша Ігара Угольнікава.
На мінулым тыдні тэлеграм-акаўнт былога начальніка БТ Генадзя Давыдзькі апублікаваў кароткую сторыз для тых, хто мае яго ў кантактах — сапраўдны ці скампіляваны скрыншот крыптакашалька з 625 тысячамі даляраў на ім.
Змянілася і аватарка профілю. Замест шчаціністай фізіяноміі знакамітага артыста ўзнікла маляваная карцінка на гангстарскую тэматыку.
Сам акаўнт стаў прэміяльным і быў пераведзены ў разрад бізнэс-профілю з пазначаным часам работы. Паслугі — абмен і вывад крыптавалют.
Праз некалькі дзён з акаўнта Давыдзькі для сур'ёзнасці былі запошчаны пару відэа, якія ілюструюць, як маладыя людзі рассякаюць вуліцы начнога горада на прэміяльным «мерседэсе».
Прызнаць даўно не юнага беларускага артыста ў цёмнавалосым падлетку за стырном Брабуса немагчыма.
Скрыншот сторыз выкладзеных у былы акаўнт Давыдзькі ў тэлеграм
Хаця новы ўласнік таксама прадстаўлецца Генам, ніякай размовы на тэму культуры і мастацтва падтрымаць не можа, адразу адпраўляе такіх суразмоўцаў у бан. Сам акаўнт называецца «Гена TRC 20».
Найбольш імаверна, што стары нумар тэлефона Давыдзьку больш не належыць. Можна толькі выказаць здагадку, што Давыдзька перастаў яго аплачваць, і таму ў нумара з'явіўся новы гаспадар.
А што сам Генадзь Браніслававіч? Імаверна, цяпер ён у асноўным карыстаецца расійскімі нумарамі тэлефонаў.
Пра былога начальніка БТ, дэпутата, палітыка, драматурга, ідэолага, палітолага, артыста, журналіста, сцэнарыста, публіцыста, дэмагога, кан'юнктуршчыка Генадзя Давыдзьку зусім забыла радзіма.
БелТА апошні раз згадвала яго ў 2023 годзе. Ніякай пасады ў Беларусі пасля сканчэння апошняй дэпутацкай кадэнцыі Давыдзьку не прапанавалі.
Прычыны такога стаўлення Лукашэнкі да аднаго з самых крыклівых сваіх прыхільнікаў невядомыя.
Мяркуючы па даступнай у інтэрнэце інфармацыі, цяпер цэнтр жыццёвых інтарэсаў Давыдзькі змясціўся ў Расію, дзе ён апошнія годы шукае прымянення сваім талентам.
Генадзь выступае сувядучым у праграме размоўнага жанра на ютуб-канале «Саюзнае веча», які фінансуецца з бюджэту «саюзнай дзяржавы».
Давыдзька нават не начальнік рэдакцыі, а звычайны аглядальнік трэцяраднай прапагандысцкай перадачы.
Як можна меркаваць, Давыдзьку далі падпрацоўку ў праекце ягонага старога таварыша Ігара Угольнікава. Той як рэжысёр здымае за бюджэтныя грошы фільм пра беларускага партызана Міная Шмырова. А Давыдзька — крэатыўны прадзюсар фільма.
Давыдзька з Угольнікавым маюць вопыт сумеснага засвойвання бюджэтных сродкаў — у 2010-х яны парай вялі андэграўнднае палітычнае ток-шоу «Час Саюза».
Дуэт папулярных вядучых, 2011 год, фота: bsj.by
Будучы забытым у Беларусі, Давыдзька марна спрабуе дакрычацца да мінскіх уладаў з глыбінь расійскіх інфармацыйных падвалаў.
«Аляксандр Лукашэнка — найаўтарытэтнейшая палітычная фігура на прасторы зямнога шара. У Еўропе такіх палітыкаў не засталося ўжо. Апроч Уладзіміра Пуціна, ну і ладна, скажу: Эрдагана. Усе — надкушаныя шакаладкі, паўмужчынкі ў паўкедах, зграя гусей. А тут — магутная палітычная фігура. Ды хай хоць вечна будзе на чале нашай дзяржавы», — фрагмент апошняга выступлення Давыдзькі.