Колькі ў Беларусі можна зарабіць на валасах? Іх набываюць нават з вошамі
Беларуска набывае натуральныя валасы, каб потым іх можна было нарошчваць іншым людзям. Прыносяць нават дзіцячыя валасы з вошамі. Колькі ж плацяць?
Скрыншот відэа ў тыктоку
Майстрыха вядзе тыкток пад нікам mamochka_volos. Нядаўна яна паказала, які зрэз валасоў яна купіла:
— Важаць яны 69 грам, па даўжыні 45 сантыметраў, але ёсць «туман». Валасы ў салоне забірала адміністратар. Я б, калі шчыра, цэннік яшчэ б знізіла. Мы заплацілі за іх 175 рублёў, бо ўвесь хвост проста ў дзікай пасечцы. Гэта значыць, яго трэба аддаваць на асвятленне, таму што проста так яго не наросціш.
Яна тлумачыць, што кароткія маладыя валасы (тыя, якія ў працэсе росту) — добра для чалавека, бо шавялюра выглядае гусцейшай. Але «каратышы» не падыходзяць для «донарства». Бо атрымаецца большая нагрузка на корань свайго воласа, а патрэбнай даўжыні не атрымаецца.
Пасля таго, як жанчына заканчвае вычэсваць хвост, яна дэманструе, як знізілася вага — засталося ўсяго 58 грам. Тыктокерка незадаволена адзначае, што мінус 11 грам — гэта даволі шмат у такім выпадку.
Але быў і больш непрыемны сюрпрыз — у валасах знайшліся гніды вошай.
— Гэта валоссе дзіцяці, у якога знайшлі няпрошаных гасцей. Пратруцілі, зрэзалі. Яны ўжо мёртвыя. Натуральна, я гэты хвост аддам на апрацоўку і на асвятленне.
За два дні ролік набраў у тыктоку каля 3 мільёнаў праглядаў і 131 тысячу лайкаў. Па каментарыях бачна, што шмат каго з жанчын навіна пра вошай напужала. Але майстрыха супакойвае: «Я вам Амерыку адкрыю, але ўсе азіяцкія валасы ў іх! На непафарбаваных жывых зрэзах па ўсёй даўжыні. Але яны ўсё ўжо проста домікі пустыя. Там жывога нікога няма».
У іншых відэа майстрыха таксама часта распавядае пра цэны. Напрыклад, адзін хлопец зарабіў на сваіх валасах 894 рублі. Дарэчы, мужчыны, могуць зарабіць на ўласнай шавялюры больш, чым жанчыны альбо дзеці, бо звычайна маюць больш цяжкія валасы.
— Тут даўжыня 60-65 сантыметраў, а вага 227 грам, — распавядае тыктокерка.
Мінімальная даўжыня валасоў, якія майстрыха гатовая набыць, — 35 сантыметраў.
Але гэта актуальна толькі для кучаравых, прамыя павінны быць крыху даўжэйшымі. Напрыклад, за 40-сантыметровы хвосцік вагой каля 50 грам майстрыха заплаціла 140 рублёў.
Даражэй за астатнія заўсёды цэніцца натуральны блонд. Напрыклад, хвосцік даўжынёй 40 сантыметраў і вагой каля 53 грамаў тыктокерка купіла за 263 рублі.
Дарэчы, вельмі шануюцца непафарбаваныя валасы — яны даражэйшыя за пафарбаваныя прыкладна ўдвая. Пры гэтым афарбоўкай лічыцца нават тое, калі вы калісьці даўно выкарыстоўвалі таніраваны бальзам.
Спецыялістка па нарошчванні распавяла пра непрыемны выпадак: дзяўчына прывезла ў салон свае загадзя адрэзаныя валасы. Папярэдне па фота яе пасмы ацанілі ў 450 рублёў.
— Па фота здавалася, што гэта выгаралыя валасы. Але калі яна іх прынесла, я зразумела, што яны фарбаваныя. Я ў яе спытала. Кажа: «Так, калісьці былі таніраваныя, але перад зрэзкай ужо таніроўка змылася». Тое, што яна змылася для вас, не значыць, што яна змылася для нас. Калі пакупнік пачне асвятляць гэтыя валасы, ваша таніраванне вылезе.
А пафарбаваныя валасы ацэньваюць у 200 рублёў за 100 грам.
Чытайце таксама:
Сяброўка Веры Паляковай-Макей спрабуе прадаць элітны салон прыгажосці больш чым за мільён даляраў
Вучоныя знайшлі спосаб назаўсёды пазбавіцца ад маршчын і сівізны
«У мяне выпалі ўсе валасы». Беларуска перанесла страшную ангіну
Загадкавае адначасовае аблысенне ва ўсім індыйскім раёне. Прычыну дагэтуль шукаюць