БЕЛ Ł РУС

«Ён добры чалавек». Трамп не стаў звальняць свайго дарадцу пасля ўцечкі інфармацыі ў чат Signal

26.03.2025 / 0:16

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ўцечка звестак пра ўдары па еменскіх хусітах у чаце, арганізаваным дарадцам у нацбяспецы Белага дома Майклам Уолцам, не мела значных наступстваў. Таму ён застаецца на сваёй пасадзе.

Дональд Трамп і Майкл Уолц. Фота: Anna Moneymaker/Getty Images

«Майкл Уолц засвоіў урок, і ён добры чалавек», — заявіў Дональд Трамп у інтэрв'ю NBC News.

Пра ўцечку стала вядома пасля таго, як галоўрэд выдання The Atlantic Джэфры Голдберг расказаў, што чыноўнікі Белага дома выпадкова ўключылі яго ў перапіску ў месенджары Signal. Высокапастаўленыя асобы адміністрацыі ЗША, у прыватнасці, абмяркоўвалі атакі на пазіцыі хусітаў у Емене.

Трамп падкрэсліў, што прысутнасць журналіста ў закрытым абмеркаванні планаў амерыканскіх уладаў ніяк не паўплывала на правядзенне ваеннай аперацыі.

Адказваючы на пытанне, як яму патлумачылі тое, як Голдберг трапіў у чат у Signal, Трамп адказаў: «На тэлефоне быў адзін з людзей Майкла. У супрацоўніка быў яго (Голдберга) нумар».

Прэзідэнт ЗША выказаў упэўненасць у сваёй камандзе, заявіўшы, што ён не расчараваны падзеямі, якія прывялі да з'яўлення артыкула ў The Atlantic. Сітуацыя, па словах Трампа, была «адзіным збоем за два месяцы, і той аказаўся несур'ёзным».

Пасля паведамленняў пра ўцечку некаторыя амерыканскія СМІ дапускалі, што Уолц будзе зняты з пасады. Але Трамп вырашыў інакш.

Майкл Уолц займае пасаду дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы са студзеня.

Чытайце таксама:

Дарадца Трампа па нацбяспецы выпадкова дадаў журналіста ў сакрэтны чат у Signal. Раскрытыя механізмы прыняцця рашэнняў

Вэнс заявіў, што Трампа «не хвалюе лямант еўрапейцаў» адносна Грэнландыі

Трамп: На перамовах у Эр-Рыядзе абмяркоўваюцца тэрытарыяльныя пытанні і валоданне АЭС

Каментары да артыкула