БЕЛ Ł РУС

«Робяць дарослы голас, хлусяць пра маму». Навошта мінскім школьнікам масава спатрэбіліся шчанюкі?

26.03.2025 / 11:54

Nashaniva.com

Чытачка Onliner.by Анастасія спрабуе прыстроіць шчанюкоў ад звычайнай дварняжкі. Яна размяшчае аб’явы на розных анлайн-платформах, і апошнім часам заўважыла дзіўную заканамернасць: на паведамленні пачалі масава адказваць школьнікі з розных раёнаў Мінска. Дзеці выдаюць сябе за дарослых і прыдумваюць казкі.

— Спачатку мне напісала жанчына і папрасіла прывезці шчанюкоў да школы — сказала, што працуе там. Падазрэнне з’явілася, калі я паспрабавала перавесці размову з паведамленняў на платформе ў Viber. Па нумары высветлілася, што гэта акаўнт з падлеткавай аватаркай і нікам «кавун» — не вельмі падобна на школьную настаўніцу, — распавядае дзяўчына і прыкладае скрыншоты перапіскі.

У той дзень Анастасія з мужам усё ж пад’ехалі са шчанюкамі ў названае месца, але аддаваць іх катэгарычна адмовіліся.

— Спачатку патэнцыйная «пакупніца» адказала, што затрымліваецца на працы, а шчанюкоў забяруць яе дочкі. Потым мы заўважылі дзвюх дзяўчынак, што пісалі нешта ў тэлефоне і шукалі наш аўтамабіль. Адна з іх урэшце прызналася, што яна і ёсць «кавун», але пачала апраўдвацца, што тэлефон — матчын. Прычынай адсутнасці мамы яны назвалі лінейку ў школе, што ўжо выглядае падазрона: быў вечар серады — якая лінейка? І дзяўчынкі пастаянна блыталіся: называлі маці то настаўніцай, то медсястрой.

Анастасія запатрабавала прысутнасці дарослага. Тады дзяўчаты прывялі старшакласніка і прадставілі яго як паўналетняга «брата-гукарэжысёра». Па словах жанчыны, усе трое спрабавалі забраць шчанюкоў з машыны. Не атрымалася — Анастасія з мужам і сабакамі з’ехалі дадому.

У той жа дзень яе муж атрымаў яшчэ некалькі запытаў ад падлеткаў, але вырашыў не адказваць. Праз некаторы час сітуацыя паўтарылася.

— Звярнуўся хлопец, папрасіў падвезці сабак на Каменную Горку і сказаў, што забярэ іх ягоны сын каля ГЦ Green. Спачатку на званкі не адказваў, а потым я ўсё ж датэлефанавалася: адказаў дзіцячы голас, які хтосьці вельмі стараўся зрабіць дарослым. Калі я запытала наўпрост: «Навошта табе шчанюк, і ці ведае пра гэта мама?» — мяне заблакавалі.

Журналісты звярнуліся да старшыні асацыяцыі зааабарончых арганізацый Беларусі Аксаны Давыдзенкі, каб даведацца яе меркаванне.

— Па-першае, трэба адзначыць, што Анастасія зрабіла ўсё правільна. У нас у краіне дзейнічае забарона на продаж жывёл фізічным асобам, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту (падпункт 2.2 арт. 23). Сказаць дакладна, навошта школьнікам спатрэбіліся шчанюкі, цяжка. У найгоршым выпадку — юныя «тыктокеры» ці «тэлеграмшчыкі» хочуць здымаць нейкія здзекі з жывёл дзеля хайпу. Мне ўзгадваецца жахлівая гісторыя, якая адбылася некалькі гадоў таму ў Бярозе. Мясцовая 15-гадовая дзяўчына назвала свой канал «Мурка і Барсік памруць» і пагражала зрабіць страшныя рэчы са сваімі катамі, калі на канал не падпішуцца пэўная колькасць людзей. Тады расійскія зааабаронцы забілі трывогу, пачалі расследаванне і высветлілі, што дзяўчына — з Беларусі. Далей ужо разбіраліся мы і міліцыя. Катоў, дарэчы, тады забралі, а падлетак раскаялася ў зробленым.

У выпадку з Анастасіяй сітуацыя, магчыма, не такая драматычная, але гэта добрая нагода нагадаць: у Беларусі забаронена перадаваць жывёл непаўналетнім.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула