Залужны: НАТА сёння не мае моцы. Пятага артыкула там няма і не будзе
Былы галоўнакамандуючы УСУ крытычна выказаўся наконт баяздольнасці НАТА, расказаў, што Румынія прасіла не гаварыць пра падзенне расійскіх дронаў на яе тэрыторыі, і прэзентаваў свой варыянт гарантый бяспекі Украіны.
Валерый Залужны. Скрын відэа: ApostropheTV / YouTube
«НАТА як вайсковы інстытут сёння не мае моцы. Або калі ў яго ёсць такая моц, то яна скончыцца на працягу месяца», — заявіў на сустрэчы са студэнтамі ў Львове былы галоўнакамандуючы УСУ, а цяпер пасол Украіны ў Вялікабрытаніі Валерый Залужны.
Па словах Залужнага, Украіну атакуюць 3000 паветраных цэляў штомесяц, і, каб знішчаць іх па стандартах НАТА, спатрэбілася б 10 500 зенітных ракет, што ў выпадку краін НАТА немагчыма ні па вытворчасці, ні па грошах.
«Ракета IRIS-T каштуе 800 тысяч даляраў, Patriot — 10 мільёнаў даляраў. Скажыце, калі ласка, 10,5 тысяч ракет па такіх цэнах. Па-першае, калі яны і ёсць, то заўтра яны скончацца. Іх проста немагчыма вырабіць. Інакш праз месяц любая краіна ўпадзе на калені і скажа: «Мы здаёмся, таму што мы патрацілі ўсе грошы толькі на тое, каб збіць тое, што над галавой лётае».
НАТА эфектыўны толькі ў змаганні з дробнымі канфліктамі
Па словах Залужнага, «НАТА, на жаль, служачы пераважна палітычным інтарэсам членаў альянсу», распрацавала дактрыну, якая дазваляе змагацца з дробнымі канфліктамі, а не весці поўнамаштабную вайну:
«[Дактрына] дазваляе змагацца, перш за ўсё, з паўстанцкімі групамі, напрыклад, на захадзе Сахары. Яны могуць хутка справіцца з імі. Яны могуць праводзіць нейкія дзеянні ў Ціхім акіяне, але далей ад берагоў Емена, таму што яны паказалі, як яны ўмеюць ваяваць, яны туды не ідуць».
Па словах Залужнага, краіны альянсу «загналі свой вайскова-прамысловы комплекс у шалёную, па нашых мерках, карупцыю».
«Вайскова-прамысловы комплекс прымушаў іх заключаць кантракты на 10 гадоў наперад на пабудову авіяносцаў, на пабудову нейкіх міфічных F-35 і гэтак далей, і гэтак далей. То-бок дзяржава вінная ім грошы за паветра, таму што яны яшчэ нічога не зрабілі».
«Яны разумеюць, што пятага артыкула там няма і не будзе»
Пры гэтым былы галоўнакамандуючы УСУ ўпэўнены, што НАТА ніколі не пойдзе «шляхам, каб неяк зрабіць сябе эфектыўным», і гэта добра разумеюць асобныя краіны:
«Яны разумеюць, што пятага артыкула (артыкул прадугледжвае, што напад на аднаго з сяброў Альянсу будзе лічыцца нападам на ўсё НАТА) там няма і не будзе. Разумее гэта Польшча, куды перыядычна падаюць нашы і расійскія ракеты. Румынія ўвогуле ўсё разумее, але маўчыць».
Па словах былога галоўнакамандуючага, яму званілі з Румыніі і прасілі не паведамляць пра падзенне расійскіх «шахедаў» на тэрыторыі краіны.
«Часам тэлефануюць мне, кажуць «Маўчы». Ну, упала два «шахеды» ў порт да вас, чаго вы маўчыце, а яны: «Маўчы, я цябе прашу». Разумееце? А то часам тэлефануе і кажа: «Ты навошта ўключыў гэтыя вашы РЭБы? Яны (расійскія дроны — НН) паляцелі да нас. Я кажу: дык збівайце. У вас сорак F-16 стаіць».
Еўрапейская бяспека мусіць быць перабудаваная
Залужны выказваецца за стварэнне новай архітэктуры еўрапейскай бяспекі, у якой Украіна была б не аб’ектам, а суб’ектам.
Найбольш перспектыўным ён лічыць фармат JEF (Joint Expeditionary Force) — Аб'яднаных экспедыцыйных сіл — шматнацыянальнае вайсковае партнёрства Паўночнай Еўропы, прызначанае для хуткага рэагавання і экспедыцыйных аперацый.
У яго склад маюць увайсці Вялікабрытанія, краіны Паўночнай Еўропы (Данія, Фінляндыя, Ісландыя, Нарвегія, Швецыя), краіны Балтыі (Эстонія, Латвія, Літва) і Нідэрланды. Але нават там ёсць перашкоды, якія не дазволяць Украіне далучыцца. У першую чаргу, гэта пазіцыя Вялікабрытаніі:
«Праблема ў першую чаргу ў Вялікабрытаніі, таму што ёй не патрэбныя дадатковыя праблемы, бо Брытанія не мае арміі. Ёсць маршалы, ёсць адміралы, ёсць усё. Усе атрымліваюць заробкі, а войска няма. Яна яшчэ не гатовая змагацца. І незразумела, колькі часу спатрэбіцца на стварэнне гэтага войска.
Плюс у брытанскай арміі ёсць падводныя лодкі, якія маюць спецыфічную, еўрапейскую місію, ад якой яны не могуць адступіць у рамках дамовы НАТА. (…) Безумоўна, дыпламатычным шляхам мы атрымаем адказ, што Украіна — гэта не паўночна-заходняя краіна».
Другая праблема, па словах Залужнага, заключаецца ў пазіцыі Польшчы, якая таксама імкнецца ў JEF і «зробіць усё», каб спачатку прынялі яе.
Па словах Залужнага, архітэктура бяспекі НАТА «маральна і фізічна» састарэла і «хутчэй за ўсё, акрамя нейкай палітычнай абароны, гэта нам (Украіне — НН) нічога не дасць». Варыянт прыцягнення ва Украіну кантынгенту альянсу ён называе ілюзорным. Таму бяспеку трэба будаваць унутры краіны, і ўкраінцы самі мусяць стаць сваёй гарантыяй.
«Найлепшыя гарантыі бяспекі закладзеныя ў нас саміх», — даводзіць былы галоўнакамандуючы УСУ.
Чытайце таксама:
Залужны: ЗША руйнуюць сусветны парадак, а Расія прыйдзе па Еўропу
Залужны не стаў адказваць на пытанне аб удзеле ў прэзідэнцкіх выбарах
У 2022 годзе Залужны прапаноўваў наступаць на Белгарад, каб абараніць Харкаў