БЕЛ Ł РУС

У Эстоніі грамадзян Беларусі пазбавілі права голасу на мясцовых выбарах

26.03.2025 / 19:19

Nashaniva.com

Галасаваць на муніцыпальных выбарах не змогуць ніякія грамадзяне трэціх краін. Для гэтага парламент краіны прагаласаваў за змены ў канстытуцыю Эстоніі, паведамляе ERR.

Ілюстрацыйнае фота

Эстонскі парламент падтрымаў прапанову Канстытуцыйнага камітэта аб неадкладным унясенні змяненняў у асноўны закон краіны.

За змены ў канстытуцыю прагаласавалі 92 члены парламенту, супраць — сямёра.

Згодна з дзеючым заканадаўствам, акрамя грамадзян Эстоніі і ЕС у мясцовых выбарах могуць удзельнічаць замежнікі, якія пражываюць у Эстоніі на падставе дазволу на доўгатэрміновае або пастаяннае пражыванне, якім на дзень выбараў споўнілася 16 гадоў і пастаяннае месца жыхарства якіх знаходзіцца на тэрыторыі адпаведнай сельскай воласці ці горада.

Цяпер галасаваць на мясцовых выбарах Эстоніі не змогуць ніякія грамадзяне трэціх краін — у тым ліку Беларусі. Права голасу на муніцыпальных выбарах застанецца толькі ў грамадзян Эстоніі і Еўрасаюза.

На выбарах восенню 2025 года асобы без грамадзянства, гэта значыць уладальнікі шэрых пашпартоў, яшчэ змогуць прагаласаваць, а ў далейшым права голасу пазбаўляцца і яны.

Паводле звестак Дэпартамента статыстыкі Эстоніі на 1 студзеня 2024 года ў Эстоніі пражывалі 11,402 беларуса.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула