БЕЛ Ł РУС

Новая аперацыя гандлёвай вайны: Дональд Трамп уводзіць 25-працэнтныя пошліны на імпарт аўтамабіляў

27.03.2025 / 7:48

Nashaniva.com

Трамп заяўляе, што ўвядзенне пошлін прывядзе да «грандыёзнага росту» амерыканскай аўтамабільнай прамысловасці, падштурхне інвестыцыі ў яе і дапаможа стварыць новыя працоўныя месцы.

Фота: Christopher Furlong / Getty Images

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сераду зрабіў чарговы крок у гандлёвай вайне з усім светам: ён абвясціў, што ўводзіць пошліны ў памеры 25% на ўвесь імпарт аўтамабіляў і камплектуючых, піша Бі-бі-сі.

Паводле слоў Трампа, згодна з падпісаным ім указам, новыя пошліны на аўтамабілі ўступяць у сілу ў наступную сераду, 2 красавіка, а спаганяць іх пачнуць з наступнага дня. Пошліны на камплектуючыя ён абяцае ўвесці з траўня або пазней.

Трамп заяўляе, што ўвядзенне пошлін прывядзе да «грандыёзнага росту» амерыканскай аўтамабільнай прамысловасці, падштурхне інвестыцыі ў яе і дапаможа стварыць новыя працоўныя месцы. Аднак многія аналітыкі лічаць, што гэты крок можа прывесці да спынення часткі аўтамабільнай вытворчасці ў ЗША, росту цэн і пагаршэння адносін з саюзнікамі Злучаных Штатаў.

У мінулым годзе ЗША імпартавалі восем мільёнаў машын на суму 240 мільярдаў даляраў, што складае прыкладна палову выручкі ад усіх прададзеных у краіне аўтамабіляў.

Асноўным пастаўшчыком аўтамабіляў у ЗША з'яўляецца Мексіка, за ёй ідуць Паўднёвая Карэя, Японія, Канада і Германія. Шмат якія амерыканскія аўтамабільныя кампаніі, скарыстаўшыся перавагамі зоны свабоднага гандлю, даўно створанай паміж ЗША, Канадаю і Мексікай, размясцілі вытворчасць у гэтых дзвюх суседніх краінах.

Аўтамабілі ў саміх ЗША часта збіраюць з імпартаваных камплектуючых — і яны таксама, згодна з планамі Трампа, трапяць пад пошліны.

Праўда, як тлумачыць Белы дом, для камплектуючых з Мексікі і Канады будзе зроблена часовае выключэнне — да таго часу, пакуль амерыканскія мытнікі і памежнікі не наладзяць сістэму кантролю і збору пошлін.

Мяжу ЗША з Канадай і Мексікай штодня перасякаюць грузы на мільярды долараў.

Акцыі амерыканскай аўтамабільнай кампаніі General Motors у сераду, пасля заявы Трампа, упалі прыкладна на 3%. Акцыі іншых кампаній, у тым ліку Ford, таксама патаннелі.

На адкрыцці таргоў раніцай у чацвер у Токіа акцыі японскіх аўтамабільных кампаній — Toyota, Nissan, Honda — таксама ўпалі.

На пытанне журналістаў, ці ёсць верагоднасць таго, што ён адменіць сваё рашэнне, Трамп запэўніў, што такой няма.

«Калі ты робіш аўтамабіль у ЗША, то мыты цябе не тычацца», — сказаў Трамп.

Імпартныя пошліны (па-англійску іх называюць «tariffs») — гэта падатак, які збіраюць улады, а плаціць імпартуючая кампанія, то бок кампанія, якая працуе ў той краіне, што ўвяла пошліны.

Дональд Трамп уводзіць — або пагражае ўвесці — пошліны на мноства тавараў, што ўвозяцца ў ЗША, спадзеючыся такім чынам абараніць амерыканскіх вытворцаў і падштурхнуць вытворчасць у саміх Злучаных Штатах.

Аднак, дапамагаючы пэўнай частцы мясцовых вытворцаў, пошліны адначасова павялічаць выдаткі тых амерыканскіх фірмаў, у тым ліку аўтавытворцаў, што залежаць ад паставак камплектуючых з-за мяжы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула