БЕЛ Ł РУС

Зяленскі спадзяецца, што ЗША не саступяць патрабаванням Расіі аб зняцці санкцый

27.03.2025 / 8:7

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаў надзею, што Злучаныя Штаты не паддадуцца патрабаванням Расіі зняць санкцыі ў якасці ўмовы для спынення агню ў Чорным моры, піша Бі-бі-сі.

Фота: Pier Marco Tacca / Getty Images

Масква заявіла, што перамір’е ў Чорным моры, якое павінна забяспечыць бяспеку суднаходства, уступіць у сілу толькі пасля адмены заходніх абмежаванняў на гандаль прадуктамі харчавання і ўгнаеннямі з Расіі.

Зяленскі, які знаходзіцца з візітам у Парыжы для ўдзелу ў саміце кааліцыі на падтрымку Украіны, у сераду ўвечары даў каментар журналістам.

Адказваючы на пытанне, ці змогуць ЗША супрацьстаяць патрабаванням Масквы, ён сказаў: «Я спадзяюся на гэта. Дай бог, змогуць. Але паглядзім».

Белы дом заявіў у аўторак, што расійская і ўкраінская дэлегацыі дамовіліся аб спыненні агню ў Чорным моры пасля трох дзён перамоваў з амерыканскімі чыноўнікамі ў Саудаўскай Аравіі.

Аднак праз некалькі гадзін Крэмль апублікаваў уласную заяву, дзе быў пералічаны шэраг умоваў. Сярод патрабаванняў Масквы — адмена заходніх санкцый у дачыненні да фінансавых установаў, што займаюцца гандлем сельскагаспадарчай прадукцыяй, і аднаўленне іх доступу да міжнароднай плацежнай сістэмы SWIFT.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што ў Вашынгтоне разглядаюць запыт Масквы на адмену абмежаванняў, тады як у Еўрасаюзе заяўляюць, што казаць пра гэта яшчэ рана.

«Мы не збіраемся скасоўваць санкцыі, таму пакуль што занадта рана. У выніку ўсё залежыць выключна ад выбару Расіі на карысць агрэсіі — ці на карысць выканання міжнароднага права», — заявіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон пасля перамоваў з Зяленскім у Парыжы.

Макрон абвінаваціў Расію ў тым, што яна выстаўляе ўсё новыя ўмовы і не рэагуе на прапановы аб спыненні агню. Выступаючы перад журналістамі ў Парыжы, Зяленскі адзначыў, што вельмі ўдзячны абедзвюм партыям ЗША за падтрымку, але выказаў заклапочанасць тым, што некаторыя амерыканскія чыноўнікі могуць знаходзіцца пад уплывам расійскіх наратываў.

«Мы не можам пагадзіцца з гэтымі нарацыямі», — сказаў ён.

Адказваючы на пытанне пра тое, з кім у прэзідэнта ЗША Дональда Трампа больш блізкія адносіны — з ім ці з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, Зяленскі сказаў, што не ведае.

«Я не ведаю, якія ў яго сапраўдныя стасункі, не ведаю, колькі ў іх [у Трампа з Пуціным] было размоў. У мяне не настолькі блізкія адносіны з Трампам, каб разумець, наколькі блізкія яны з Пуціным», — дадаў украінскі прэзідэнт.

Чытайце таксама:

Трамп: Расія марудзіць з мірным урэгуляваннем

ЗША дамовіліся з Украінай і Расіяй аб забароне атак у Чорным моры

Каментары да артыкула