БЕЛ Ł РУС

Калі вада хлынула ў салон, пачалася паніка. Сталі вядомыя падрабязнасці патаплення экскурсійнага батыскафа з расіянамі ў Хургадзе

27.03.2025 / 15:23

Nashaniva.com

Папярэдняя прычына катастрофы: сутыкненне батыскафа з рыфам. Пасля гэтага на борце судна адбылася разгерметызацыя і пачаліся паніка ды цісканіна. 

Ілюстрацыйны здымак

Усяго на лодцы знаходзілася 45 турыстаў з Расіі. Па апошніх даных, 6 чалавек загінулі, сярод іх адно дзіця, 13 чалавек трапілі ў бальніцу. Яшчэ дваіх чалавек шукаюць — яны прапалі без вестак.

Папярэдняя прычына катастрофы: праз памылку кіравання адбылося сутыкненне батыскафа з рыфам.

Пасля ўдару аб рыф на борце батыскафа пачалася паніка — вада хлынула ў салон, судна стала тануць, а людзі спрабавалі выбрацца, піша SHOT.

Членам экіпажа ўдалося адкрыць абодва выхады з батыскафа. Аднак многія не змаглі своечасова выбрацца з вады: пачалася моцная цісканіна і паніка, бацькі спрабавалі выратаваць сваіх дзяцей.

Некаторы час батыскаф быў на паверхні вады, але перавернуты, а потым пайшоў на дно на глыбіні каля 20 метраў.

Першымі на дапамогу прыплылі турыстычныя катары, якія былі непадалёк. Гіды і іншыя турысты дапамагалі даставаць напалоханых і дэзарыентаваных людзей з вады. Усяго на сушу даставілі 29 чалавек. На пляж прыехалі больш за 20 хуткіх. Пацярпелых развезлі па бальніцах. 6 чалавек выратаваць не ўдалося, яшчэ 9 знаходзяцца ў крытычным стане.

Экскурсію турысты купілі ў мясцовай кампаніі Sharm El-Ghada Excursions, паездка павінна была доўжыцца тры гадзіны. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула