БЕЛ Ł РУС

З надыходам вясны ў Мінску сталі масава красці ровары і самакаты

27.03.2025 / 16:20

Nashaniva.com

У Першамайскае і Маскоўскае РУУС сталіцы звярнуліся чацвёра мінчукоў, у якіх укралі маёмасці на агульную суму 1 400 рублёў, паведамляе мінская міліцыя.

Фота ілюстрацыйнае

Адзін з пацярпелых пакінуў свой ровар каля дрэва, а калі вярнуўся, не знайшоў на ранейшым месцы.

Другі мінчук расказаў, што пасля ночы не знайшоў на прышпіленым ровары колаў і некаторых дэталяў. Міліцыянеры па падазрэнні ў крадзяжы затрымалі 47-гадовага мінчука, які нідзе не працуе.

Устаноўлена, што мужчына ноччу заўважыў ровар, які з дапамогай замковай прылады быў прышпілены да парэнчаў. Зламыснік зняў з яго колы і некалькі дэталяў з двухколавага транспарту і занёс дадому. Там іх у яго і знайшлі. У той жа кватэры міліцыянеры знайшлі і ровар іншага заяўніка, які злодзей планаваў прадаць на запчасткі.

Яшчэ адзін жыхар Першамайскага раёна паведаміў пра крадзеж самаката ўнука з пад'езда жылога дома. Яго прысвоіў 59-гадовы мінчук, які ішоў у госці да знаёмай і заўважыў безнаглядны самакат. Мужчына забраў яго і планаваў прадаць, але не паспеў.

Ровар пацярпелага, які жыве ў Маскоўскім раёне, спадабаўся 64-гадоваму менчуку. Пакуль мужчына быў на падпрацоўцы, пакінуўшы ровар непрышпіленым на прыпынку, злодзей пакаціў яго да сябе дадому. Выкрадзеная маёмасць канфіскаваная і будзе вернутая ўладальнікам.

Па ўсіх эпізодах завялі крымінальныя справы за крадзяжы.

Чытайце таксама:

Злодзей скраў чыгунны ўмывальнік і пячныя дзверцы — агулам на 10 рублёў. Міліцыя заявіла, што будзе яго шукаць

У Віцебскай вобласці затрымалі за ноч 11 чалавек за крадзеж каўбасы — яе выкідвалі праз акно

Кур'ера тэлефонных махляроў асудзілі на пяць з паловай гадоў

Каментары да артыкула