БЕЛ Ł РУС

Зніклыя ў Літве амерыканскія вайскоўцы ехалі аказваць дапамогу іншай машыне

27.03.2025 / 18:27

Nashaniva.com

Камандаванне арміі ЗША ў Еўропе і Афрыцы выдала афіцыйны прэс-рэліз з нагоды трагічнага здарэння, якое адбылося ў ноч на 25 сакавіка з чатырма амерыканскімі вайскоўцамі і іх браніраваным эвакуацыйным транспартным сродкам M88 падчас вайсковых вучэнняў на палігоне Пабрадзе ў Літве.

Падчас выратавальных работ. Фота: армія Літвы

Вайскоўцы, якія служылі ў 1-й брыгадзе 3-й пяхотнай дывізіі арміі ЗША, зніклі ў ноч на 25 сакавіка падчас выканання тэхнічнага задання па эвакуацыі іншага вайсковага транспартнага сродку ЗША ў вучэбнай зоне падчас запланаваных вучэнняў, паведамляе амерыканскае камандаванне. Цяпер працягваецца выратавальная аперацыя. 

«Мы задзейнічаем усе даступныя амерыканскія і літоўскія рэсурсы для каардынацыі і забеспячэння неабходных сродкаў для гэтай аперацыі», — заявіў генерал-маёр арміі ЗША Кёрціс Тэйлар, камандуючы 1-й бранятанкавай дывізіяй.

Ён выказаў удзячнасць «нашым літоўскім саюзнікам за іх адданую і прафесійную працу па забеспячэнні бяспекі амерыканскіх вайскоўцаў» і адзначыў, што: 

«Працэс эвакуацыі ўскладняецца наяўнасцю вады, вязкай гразі і мяккай глебы вакол месца здарэння, што патрабуе выкарыстання спецыяльнага абсталявання для адпампоўкі вады і ўмацавання грунту».

«З-за асаблівасцяў мясцовасці гэта вельмі складаная інжынерная аперацыя. Каманда працуе над тым, каб выдаліць дастатковую колькасць вады і гразі, каб ратавальнікі маглі бяспечна дабрацца да машыны, стабілізаваць яе і атрымаць да яе доступ», — сказаў маёр Робін Брус, інжынер 1-й бранятанкавай дывізіі.

Адносна пакуль не знойдзеных ні жывых вайскоўцаў, ні іх целаў генерал Кёрціс Тэйлар адзначае:

«Гэта трагедыя, якая цяжарам ляжыць на ўсіх нас… Мы хочам, каб усе ведалі: мы не спынімся, пакуль нашы вайскоўцы не будуць знойдзеныя».

Чытайце таксама:

Чаму стаў магчымы выпадак з амерыканскімі вайскоўцамі на літоўскім балоце?

Міністр абароны Літвы: Мы не трацім надзеі знайсці амерыканскіх вайскоўцаў

Выратавальная аперацыя на палігоне ў Літве працягваецца. Чаму не ўдаецца адкрыць люк гусенічнай машыны?

Затанулую ў літоўскім балоце амерыканскую бронемашыну знайшлі, а вайскоўцаў яшчэ шукаюць

Генсак НАТА пацвердзіў гібель амерыканскіх вайскоўцаў у Літве

Каментары да артыкула