БЕЛ Ł РУС

Сацыяпатамі (як і прэзідэнтамі) не нараджаюцца, сацыяпатамі становяцца

29.03.2025 / 16:55

Арж. В.

Толькі генетыкі або толькі атачэння недастаткова, піша Арж. В. у адказ на разважанні Юліі Чарняўскай пасля прагляду ёю серыяла «Пераходны ўзрост». А страшнай траўмай можа быць і проста маральны выбар, перад якім апынаецца чалавек.

Рыгор Азаронак у судзе над Вольгай Калацкай. Фота: Наша Ніва

Юлія Чарняўская лічыць, што «часам яны проста такімі нараджаюцца».

Яна адмаўляе, што ў такім выпадку віна можа быць на сям’і.

Давайце разбяромся.

Хто такія сацыяпаты?

Згодна з дапаможнікам DSM-5, дыссацыяльны разлад асобы (antisocial personality disorder, ASPD) характарызуецца наяўнасцю мінімум трох з сямі рыс, такіх як: няздольнасць адпавядаць нормам грамадства, ілжывасць, імпульсіўнасць і няздольнасць да планавання, раздражняльнасць і агрэсіўнасць, адсутнасць адказнасці, адсутнасць раскаяння.

Раней тая ж з’ява мела назву «псіхапатыя» і «сацыяпатыя». Цяпер гэтыя тэрміны ўжо не актуальныя, а азначэнне дыягназу з часам удакладнялася. Далей у гэтым тэксце для зручнасці і разумення часам буду ўжываць тэрмін «сацыяпатыя», хоць ён і састарэлы.

Прычыны сацыяпатыі

Адзінай прычыны такога разладу асобы не выяўлена. Сучасны навуковы кансэнсус заключаецца ў тым, што яны ў складанай камбінацыі як фізіялагічных (у тым ліку генетычных) фактараў, так і атачэння чалавека, умоў яго развіцця і жыцця. Пры гэтым аднаго з фактараў, — толькі генетыкі або толькі атачэння — недастаткова.

Тое ж самае справядліва адносна любых іншых рыс чалавека: гены могуць спрыяць будучай геніяльнасці або, наадварот, крымінальным схільнасцям, але ніяк не гарантуюць, што тыя рысы абавязкова сфармуюцца і праявяцца.

Даследчыкі знаходзілі такія фізіялагічныя прычыны ASPD: анамальная праца гармонаў і нейратрансмітараў (як сератанін), меншая колькасць шэрага рэчыва ў мозгу, меншая актыўнасць прыфрантальнай кары і іншыя. Знойдзены гены, якія ўплываюць на анамальную працу нейратрансмітараў, і гэта значыць, што ў такіх выпадках можна казаць пра спадчыннасць. Аднак і чэрапна-мазгавыя траўмы могуць мець сваімі наступствамі разлад асобы.

Фактары атачэння, якія ўплываюць на развіццё ASPD: сям’я, іншае культурнае атачэнне (асяроддзе), як школа і рэлігія, розныя віды дзіцячых траўмаў.

Ці можа кіно быць аргументам у разуменні сацыяпатыі?

Твор мастацтва: кіно, кніга — выдатныя, калі прымушаюць нас задумацца і працаваць над сваімі поглядамі. Але яны не могуць быць надзейнымі крыніцамі, каб з іх рабіць упэўненыя высновы пра рэальнасць. Пісьменнікі і акцёры ўсё ж транслююць сваё разуменне кожнай жыццёвай сітуацыі, якое за кошт майстэрства можа выглядаць нават «гіперарэальным», нават больш пераканаўчым за звычайную «нудную» рэальнасць.

Як адзін з прыкладаў тыпажу «геній-псіхапат» ёсць штучная канструкцыя поп-культуры. Існаванне такіх людзей не знаходзіць пацвярджэння ў даследаваннях: людзі з дыссацыяльным разладам асобы ў сярэднім маюць меншыя кагнітыўныя і інтэлектуальныя здольнасці.

Юлія Чарняўская робіць выснову «часам яны проста такімі нараджаюцца», гэта значыць, пра дастатковасць фактару генетыкі для з’яўлення сацыяпата. Рабіць высновы на базе фільма і некалькіх выпадкаў з жыцця — няправільна.

У даследаваннях вывучаюць сотні, тысячы людзей, пасля навуковыя працы праходзяць рэцэнзіі і метааналізы.

Чарняўская адмаўляе, што віна можа быць у сям'і. (Аналагічна прыхільнікі процілеглай тэорыі лічаць, што вінаватае толькі атачэнне, а гены, «зародак», «натура» тут ні пры чым.)

Зраблю дапушчэнне, што, магчыма, у тых канкрэтных выпадках, пра якія ведае Чарняўская, акрамя генетычнай схільнасці да сацыяпатыі ў чалавека ў жыцці здарыўся траўмуючы выпадак або момант маральнага выбару, не абавязкова звязаныя з сям'ёй.

Мігранты і сацыяпатыя

Блогер Ян Майлз Чонг нядаўна напісаў, што фільм «Пераходны ўзрост» заснаваны на рэальных падзеях, толькі насамрэч героем быў цемнаскуры хлопец / мігрант. Ілан Маск пашырыў гэтую версію на сваю аўдыторыю. Цяпер у сацсетках многія аматары «правых» поглядаў рэтранслююць версію далей. Да іх далучыліся і прарасійскія інтэрнэт-боты.

Не буду тут займацца фактчэкінгам пра сюжэт фільма, гэта зрабілі і без мяне. Толькі паразважаю наконт карэктнасці абагульненняў «мігрант = сацыяпат». У мігрантаў звычайна дрэнныя ўмовы жыцця ў сваёй краіне (вайна, рэпрэсіі або іншая гуманітарная катастрофа), яны атрымліваюць стрэс пры пераездзе, няпростую адаптацыю ў новай краіне. Гэта значыць, фактар атачэння можа спрыяць развіццю псіхічных хвароб і разладаў.

Але тут няма нічога пра генетыку. Нагадаю: аднаго з фактараў недастаткова, каб з’явілася сацыяпатыя. Значыць, пошук праблемы менавіта ў паходжанні любых мігрантаў неабгрунтаваны. Калі бачыць дрэннае толькі ў тым, што яны мігранты, гэта выглядае мінімальна мадыфікаваным расізмам або нацызмам: тады шукалі праблему ў паходжанні іншых рас або габрэяў, зараз замест іх мігранты. Больш глыбокіх ідэй у гэтых псеўданавуковых «тэорыях» няма.

Адказнасць сацыяпатаў за свае дзеянні

Цяпер не існуе адзінага меркавання, кансэнсусу, ці можа сацыяпатыя быць падставай, каб чалавек з гэтым разладам асобы пазбег крымінальнай адказнасці за свае дзеянні.

З аднаго боку, сімптомы: імпульсіўнасць, няздольнасць планаваць наступствы сваіх дзеянняў, несці за іх адказнасць,— значаць, што чалавек не заўсёды разумее, што ён робіць.

З другога боку, як слушна аргументуюць даследчыкі, якія прааналізавалі юрыдычную адказнасць людзей з ASPD у 2018—2024 гадах, няма доказаў, што сацыяпатыя настолькі зніжае кагнітыўныя здольнасці, што чалавек прынцыпова не можа зразумець супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў.

Так, у яго можа адсутнічаць эмпатыя, ён можа не падтрымліваць прававыя і этычныя нормы свайго атачэння, але

ён можа зразумець, што ў гэтым атачэнні можна, а што нельга.

Далей, ёсць людзі, якія жывуць з ASPD, пры гэтым усведамляюць свой дыягназ і кампенсуюць яго: стрымліваюцца ад таго, каб трапіць у небяспечныя для іншых і для сабе сітуацыі, тлумачаць блізкім свае асаблівасці і г.д.

На гэтым месцы я выкажу здагадку, што акрамя фактараў генетыкі і атачэння ёсць і трэцяя група фактараў: маральны выбар самога чалавека.

Чалавек не дэтэрмінаваны механізм, ён мае ўласную волю і можа выбіраць: займаецца ён самаапраўданнем ці ўсё ж усведамляе дрэннае ў сваіх дзеяннях. Па маіх назіраннях, чалавек у сваім жыцці, асабліва ў крытычныя моманты, можа праходзіць праз адзін або некалькі «пунктаў ісціны», у якія кардынальна змяняе свае погляды. Або проста «ламаецца». Сацыяпат можа перажыць такое ў дзяцінстве.

Карнікі і ябацькі

Працягваю. Мяркую, што праз такі «пункт ісціны» праходзілі аднойчы многія лукашэнкаўскія карнікі і чыноўнікі. Разумелі, што, верагодна, ідуць кепскай дарогай, але пасля казалі сабе «ай, так прасцей». Там жа былыя «змагары», якія зламаліся. Найбольш цынічныя разважанні «ябацек» і «хатаскрайнікаў» вельмі падобныя да паводзін сацыяпатаў.

Калі ў 2020-м большасць сцвярджала, што нельга «збіваць мірных людзей», ябацькі праяўлялі поўную адсутнасць эмпатыі да ахвяр.

Хатаскрайнікі працягваюць тую ж лінію: «а вас правільна збівалі», «не трэба было кветкі насіць» і ўвогуле «вы ўсё рабілі няправільна». Калі ты маеш эмпатыю, ты скажаш «мы рабілі», «у нас не атрымалася», будзеш разумець і сваю частку адказнасці, не будзеш займацца паўторным цкаваннем ахвяр.

Тыя ж думкі пра Трампа і яго каманду, калі яны свядома перакручваюць або не разумеюць («не разумеюць»), хто агрэсар і хто ахвяра ў сучаснай расейска-украінскай вайне. Дарэчы, Трампа называлі «сацыяпатам» яшчэ ў 2016, 2024 гадах.

Пра паводзіны Лукашэнкі беларусы і так усё ведаюць самі.

Ва ўсіх гэтых выпадках часам пытаешся ў сябе: гэтыя людзі неразумныя (не разумеюць, што адбываецца) або яны нягоднікі (свядома скажаюць рэальнасць)?

І вельмі хочацца знайсці нейкае простае тлумачэнне. Напрыклад, што яны сацыяпаты, яны такімі нарадзіліся.

Але тут я буду асцярожным. Дыягназы могуць ставіць толькі спецыялісты. Мяркую, што

пры развіцці даказальнай медыцыны спецыялісты будуць шукаць прыкметы ASPD (сацыяпатыі) не толькі ў рысах і паводзінах пацыентаў, але і абавязкова ў фізіялагічных маркерах таго разладу асобы (напрыклад, актыўнасці мозга, працы нейратрансмітараў). Пры гэтым паходжанне (гены) не будуць прысудам. А для грамадства пошук дыягназу ў палітыкаў і іншых грамадзян не тое каб можа дадаць нешта новае і практычна карыснае: калі чалавек сістэмна хлусіць, парушае законы, не думае пра наступствы і не раскайваецца за памылкі, мы і так без дыягназаў разумеем зло яго паводзін.

Чытайце таксама:

Юлія Чарняўская: Іншы раз яны проста такімі нараджаюцца

Чаму Беларусь у лідарах у свеце па дэпрэсіях і чаму такія, як Лукашэнка, да яе не схільныя? Тлумачыць псіхатэрапеўтка

У чым розніца паміж сацыяпатам і псіхапатам?

Каментары да артыкула