БЕЛ Ł РУС

Палкоўнік арміі ЗША пра пошук зніклых вайскоўцаў у Падброддзі: За 24 гады службы я не бачыў нічога падобнага

30.03.2025 / 20:58

Nashaniva.com

Джым Армстранг, які з амерыканскага боку кіруе аперацыяй па пошуку зніклых вайскоўцаў, распавёў пра галоўныя цяжкасці.

На палігоне ў Падброддзі працягваецца аперацыя па выманні з балота амерыканскай вайсковай машыны, якая там затанула. Усе фота: USArmyEURAF / Facebook

Камандуючы баявой групай брыгады бранявых войскаў палкоўнік арміі ЗША Джым Армстранг распавёў пра пошукавую аперацыю недалёка ад літоўска-беларускай мяжы.

Армстранг узначальвае аперацыю і адзначае, што сітуацыя вельмі складаная, піша Delfi.

«За 24 гады службы я ніколі не бачыў, каб транспартны сродак апынуўся ў такім становішчы. Складанасць не толькі ў тым, што там вада і дрыгва, праблема — у іх спалучэнні. Акрамя таго, усё адбываецца ў мясцовасці, куды няпроста дабрацца», — сказаў Армстранг.

Ён кажа, што існуе рознае абсталяванне для выцягвання аб’ектаў з вады або з балота, але ў дадзеным выпадку даводзіцца выкарыстоўваць розную тэхніку адначасова.

«Праблема ў тым, што звычайна гэтае абсталяванне не прызначана для выкарыстання ў падобных умовах — у лясной глушы, у невялікім цяжкадаступным месцы. Таму аперацыя складаная», — падкрэсліў Армстранг.

Яшчэ адна праблема — дастаўка тэхнікі да месца здарэння. Паводле палкоўніка, гэта асобная лагістычная аперацыя, бо трэба падрыхтаваць дарогі для транспартавання цяжкай тэхнікі, завезці грунт і жвір.

Армстранг звярнуў увагу, што на абмежаванай прасторы трэба неяк размясціць шмат тэхнікі — і грамадзянскай, і ваеннай, і міжнароднай.

«Аднак разам з літоўскімі вайскоўцамі нашы вайскоўцы рухаюцца наперад. Мы ўсе перажываем гэтую сітуацыю разам з сем’ямі зніклых і не можам дастаткова падзякаваць нашым саюзнікам за іх дапамогу», — сказаў ён.

Вайсковая машына з чатырма амерыканцамі прапала падчас вучэнняў на літоўска-беларускай мяжы вечарам 25 сакавіка. Машына, як мяркуецца, правалілася на дно балота.

Чытайце таксама:

Першая спроба вадалазаў дабрацца да патанулай машыны ў Падброддзі аказалася няўдалай

На палігоне ў Літве знайшлі дакладнае месцазнаходжанне затанулай машыны з амерыканскімі вайскоўцамі

Аперацыя па пошуку салдатаў ЗША, што праваліліся ў балота ў Літве, доўжылася ўсю ноч

Выратавальная аперацыя на палігоне ў Літве працягваецца. Чаму не ўдаецца адкрыць люк гусенічнай машыны?

Зніклыя ў Літве амерыканскія вайскоўцы ехалі аказваць дапамогу іншай машыне

Чаму стаў магчымы выпадак з амерыканскімі вайскоўцамі на літоўскім балоце?

Каментары да артыкула