БЕЛ Ł РУС

Якія праблемы грамадства мог бы вырашыць Турчын, калі б ён быў лібералам у цэнтры сістэмы? І ці мог бы?

12.03.2025 / 16:32

Nashaniva.com

У 2017-2019 гадах Аляксандр Турчын сваёй параўнальнай адкрытасцю стварыў сабе пазітыўны вобраз у вачах недзяржаўнай прэсы. Гэты вобраз ледзь не ліберала і рыначніка, пабудаваны на захапленнях журналістаў, замацаваўся і стаў жыць сам па сабе, ні разу не будучы ні пацверджаным, ні перагледжаным.

Новы прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын. Фота: «Наша Ніва»

Рэальных перадумоваў для стварэння такога вобразу не існавала нават у траваедныя гады, не кажучы пра тое, што здольнасць захаваць сябе ў сістэме ў крывавыя 2020-2024, а таксама ўзвысіцца да прэм'ер-міністра ў 2025-м цалкам наадварот характарызуюць маральныя перакананні Турчына.

Але нават калі ўявіць на хвіліну, што ў дыктатарскай Беларусі нейкім цудам на пасадзе аказаўся прэм’ер-ліберал. Якія з праблем грамадства і як ён мог бы вырашыць, будучы аточаным спецслужбамі, Адміністрацыяй Лукашэнкі і не сабой прызначаным урадам?

Пра гэта для «Нашай Нівы» паразважалі два адстаўныя чыноўнікі, якія на службе перасякаліся і з Турчынам асабіста, і з апаратам Савета міністраў. 

Калі сцісла, то іх вердыкт адназначны — нават калі б Турчын быў сапраўдным лібералам, у яго б нічога не атрымалася. 

«Калі людзей хвалюе пытанне аднаўлення на працы пасля звальненняў за палітыку — то Турчын не той, хто б гэта вырашыў.

Гэта не ягоная сфера кампетэнцый, з гэтым лепш ісці ў індывідуальным парадку да намеснікаў па бяспецы на самі прадпрыемствы.

Калі ж цэнтралізавана і агулам, з гэтым трэба ісці да Лукашэнкі і прасіць яго. Прасіць па тонкім пытанні. А за каго? За масы? «Як ты можаш за ўсіх паручыцца?» — спытае яго Лукашэнка. І на гэтым размова скончыцца. І гэта не кажучы пра тое, што Турчын нават за сваіх папрасіць не можа і не быў у гэтым заўважаны. І не кажучы таксама пра тое, што сама пастаноўка пытання вярнуць кагосьці кудысьці ідзе ў разрэз з тым, што гаворыць начальнік Турчына», — сказаў адзін з суразмоўцаў «Нашай Нівы». 

Можа быць, Турчын мог бы выраўняць кадравую палітыку, пачаць набіраць кіраўнікоў па прынцыпе прафесіяналізму, а не палітычнай лаяльнасці? Атачыць сябе такімі ж латэнтнымі лібераламі, як ён, нібыта, сам? 

«Па-першае, ягоная пасада гэтага не дапускае: Лукашэнка вызначае, Саўмін выконвае, Адміністрацыя правярае. 

Па-другое, вакол яго ніколі не было ніякіх ягоных людзей. Ён нават у аблвыканкам нікога не прызначыў, гэта не ў ягоным характары, гэта чысты выканаўца, Галоўчанка №2. 

А калі проста паразважаць, на якія кадравыя рашэнні мог бы мець уплыў прэм’ер-міністр, то і яны вельмі сціплыя. Гэта толькі асобныя прадпрыемствы арганізацый, папарадкаваных наўпрост Саўміну: Белдзяржхарчпрам, Беллегпрам, Белнафтахім, Беллесбумпрам, Белкаапсаюз. Прадпрыемстваў у гэтых канцэрнах сапраўды шмат. Але.

І тут не прэм’ер-міністр наўпрост вырашае, а курыруючы віцэ-прэм’ер, да якога прыходзіць начальнік канцэрна з прапановамі, вырашае іх з віцэ-прэм’ерам, а той нясе на подпіс прэм’еру, што ў большасці выпадкаў фармальнасць.

Калі ж прэм’ер-міністр вырашыць прыняць актыўны ўдзел, то акажацца, што саміх кіраўнікоў канцэрнаў ён не прызначае, гэта робіць Лукашэнка. Начальнікаў вялікіх прадпрыемстваў у падведамасных канцэрнах, такіх як «Азот», «Нафтан», і гэтак далей, ён таксама не прызначае. Гэта вырашае Адміністрацыя Лукашэнкі. Іншымі словамі, я б ніякіх надзей з Турчыным не звязваў»,

— сказаў іншы наш суразмоўца. 

Чытайце таксама:

Што з маёмасці ёсць у прэм'ера Турчына?

Пяць фактаў пра новага прэм'ера Турчына — любіць баскетбол, працуе з 14 гадоў

«Разумны чалавек, і гэта максімум». Што кажуць пра Аляксандра Турчына, новага прэм’ера

Каментары да артыкула