БЕЛ Ł РУС

Вэнс заявіў, што Трампа «не хвалюе лямант еўрапейцаў» адносна Грэнландыі

24.03.2025 / 18:13

Nashaniva.com

Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс заявіў, што адміністрацыю прэзідэнта Дональда Трампа не цікавіць рэакцыя еўрапейцаў на магчымыя дзеянні ЗША ў дачыненні да Грэнландыі. Пра гэта ён паведаміў у інтэрв'ю тэлеканалу Fox News.

Дзі Джэй Вэнс. Фота: Kent Nishimura / Getty Images

«Калі нам давядзецца праявіць большую цікавасць да Грэнландыі ў тэрытарыяльным плане, мы гэта зробім. Прэзідэнта Трампа не хвалюе лямант еўрапейцаў», — заявіў Вэнс.

«Прэзідэнта Трампа цікавяць толькі амерыканскія нацыянальныя інтарэсы», — дадаў амерыканскі віцэ-прэзідэнт.

Ён таксама раскрытыкаваў Данію, якой па стане на гэты момант належыць Грэнландыя, назваўшы яе «кепскім саюзнікам», які «не выконвае сваю працу».

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абгрунтоўвае сваю пазіцыю нацыянальнымі інтарэсамі ЗША, у прыватнасці ў сферы бяспекі. 13 сакавіка падчас сустрэчы з генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ Трамп заявіў, што думае, што анексія Грэнландыі «адбудзецца». У самой Грэнландыі пасля таго прайшлі вулічныя пратэсты.

Цяперашняя заява Вэнса прагучала на фоне візіту амерыканскай дэлегацыі, у якую ўваходзіць і жонка віцэ-прэзідэнта ЗША Уша Вэнс, у Грэнландыю. Акрамя таго, прыехаць на гэты самы буйны ў свеце востраў збіраюцца дарадца Дональда Трампа па нацыянальнай бяспецы Майк Уолц і міністр энергетыкі ЗША Крыс Райт.

Прэм'ер-міністр Грэнландыі Мутэ Эгедэ рэзка асудзіў гэты візіт, назваўшы яго «вельмі агрэсіўным» і правакуючым эскалацыю напружанасці ў адносінах з Вашынгтонам.

Афіцыйна Белы дом заяўляў, што паездка амерыканскай дэлегацыі носіць культурны характар: маўляў, яна возьме ўдзел у нацыянальных гонках на сабачых запрэжках, наведае гістарычныя месцы і пазнаёміцца з грэнландскай спадчынай. Таксама госці збіраюцца наведаць размешчаную на востраве амерыканскую вайсковую базу. Аднак грэнландскія ўлады бачаць у гэтым візіце дэманстрацыю сілы і падаграванне цікавасці да ідэі далучэння Грэнландыі да ЗША.

Чытайце таксама:

Трамп патлумачыў кіраўніку НАТА, чаму ЗША патрэбная Грэнландыя

На выбарах у Грэнландыі перамагла партыя, якая выступае за саюз з Даніяй

Трамп: ЗША атрымаюць Грэнландыю «так ці інакш»

«Трамп, як і Пуцін, хацеў бы перадзелу межаў». А амерыканскія кансерватары ідэалізуюць рэжым Пуціна як левыя ў свой час — Сталіна

Данія можа адказаць амерыканцам за Грэнландыю асіметрычным ударам. І гэта будзе адчувальна для эліт

Чаму Трамп загаварыў пра Грэнландыю?

Каментары да артыкула