Вашынгтон падтрымлівае права Грэнландыі на самавызначэнне і з радасцю прыме яе ў склад ЗША ў якасці 51-га штата, пра гэта заявіў амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп.

«Мы працуем з усімі бакамі, каб дамагчыся гэтага, таму што Грэнландыя важная не толькі для нацыянальнай, але і для міжнароднай бяспекі», — заявіў Трамп падчас звароту да Кангрэсу.
ЗША разглядаюць Грэнландыю як стратэгічна важную тэрыторыю і гатовыя інвеставаць у яе развіццё.
«Я думаю, мы атрымаем Грэнландыю так ці інакш. Мы забяспечым вам бяспеку, зробім вас багатымі і разам падымем гэты рэгіён на вышыні, пра якія вы нават не марылі», — сказаў ён.
Трамп заявіў, што, нягледзячы на невялікую колькасць насельніцтва, Грэнландыя адыгрывае ключавую ролю ў пытаннях абароны і бяспекі.
Трамп прапаноўваў купіць Грэнландыю ў Даніі яшчэ падчас свайго першага прэзідэнцтва. У студзені ён адмовіўся выключыць выкарыстанне вайсковай ці эканамічнай сілы, каб атрымаць кантроль над ёй і Панамскім каналам. Таксама прэзідэнт ЗША прыгразіў Даніі пошлінамі «на вельмі высокім узроўні», калі яна не пагодзіцца супрацоўнічаць у пытанні перадачы Грэнландыі.
Найбуйнейшы востраў свету ў многіх адносінах стаў займаць цэнтральнае месца ў геапалітычнай і геаэканамічнай канкурэнцыі, у тым ліку праз змену клімату, адзначае прафесар Джэф Дабелка, які займаецца пытаннямі экалогіі і бяспекі ў Універсітэце штата Агая. Запасы рэдказямельных металаў у Грэнландыі Геалагічная служба ЗША ацэньвае ў 1,5 млн тон; у саміх Злучаных Штатах іх толькі крыху больш — 1,8 млн тон.
У студзені Трамп заявіў журналістам, што, на ягоную думку, Вашынгтон усё ж такі атрымае кантроль над Грэнландыяй. «Я думаю, мы яе атрымаем«, — сказаў ён, дадаўшы, што 57 000 жыхароў вострава «хочуць быць з намі».
На самім востраве з ім згодныя далёка не ўсе. Грэнландцы «не хочуць быць амерыканцамі», заявіў Мутэ Эгедэ, прэм'ер-міністр вострава, які, будучы аўтаномнай тэрыторыяй Даніі, праводзіць самастойную ўнутраную палітыку. Раней Эгедэ казаў, што ягоныя жыхары хочуць здабыць поўную незалежнасць.
Прэм'ер-міністр Даніі Метэ Фрэдэрыксэн таксама заяўляла, што «Грэнландыя не прадаецца і не будзе прадавацца».
Каментары