Рыэлтарка з Томска расказала пра «бізнэс-план», як жанчыне хутка набыць кватэру. Z-супольнасць у абурэнні
У расійскіх Z-каналах завірусіўся ролік, у якім рыэлтарка з Томска Марына Арлова дзеліцца вопытам са сваёй практыкі, як некаторыя расійскія жанчыны знаходзяць сродкі для вырашэння свайго жыллёвага пытання. Гэты «бізнэс-план» не ўсім падабаецца.

«Цяпер мужчына, які служыць на СВА [эўфемізмам «спецыяльная ваенная аперацыя» (СВА) у Расіі называюць вайну ва Украіне. — НН], ён гіне і ты атрымліваеш 8 мільёнаў [каля 94 тысяч даляраў — НН]» — весела смяецца жанчына на роліку.
На пытанне, наколькі распаўсюджаная такая практыка, яна ўпэўнена адказвае:
«Вядома, цяпер многія так робяць. Вельмі шмат жанчын да нас прыходзіць з гэтымі 8-мю мільёнамі і купляюць нейкую там танненькую там кватэрку».
Ці шукаюць жанчыны пасля таго новага мужа з ліку вайскоўцаў, каб у перспектыве купіць і больш дарагое жытло, жанчына не ведае, але збіраецца спытаць. І называе такі падыход не толькі «працоўнай схемай», але і «бізнэс-планам».
Аўтараў Z-каналаў, якія ўсяляк ухваляюць і рамантызуюць вайну ва Украіне, гэты ролік раз'юшыў, яны не хаваюць свайго абурэння.
Адзін з іх сцвярджае, што «за такое павінны быць артыкул і тэрмін. А яшчэ з такім павінна разбірацца грамадзянская супольнасць. І ўлады, маць іх, не павінны ёй перашкаджаць».
Іншы гаворыць, што жанчына нагаварыла «адразу на некалькі артыкулаў», і што «жанчын, якія «карысталіся» такой схемай, таксама варта праверыць. Цягне на махлярства са злачынным намерам». Асабліва тэма «чорных удоў», маўляў, саспела і пераспела ў так званых «ЛНР» і «ДНР». А каб гэтаму супрацьстаяць, трэба мяняць заканадаўства: «тыя, якія зноў выйшлі замуж, не павінны атрымліваць правы на маёмасць і грашовыя сродкі вайскоўцаў у першыя паўгода. Гэта мінімум».
«Дарэчы, я ведаю такіх «жонак», якія пасуцца ў мутных чаціках і якіх цікавіць толькі адно: выплаты. Ім пляваць на сужонца, у якога статус «знік без вестак»: яны літаральна асаджаюць усіх і кожнага, каб цела тэрмінова эвакуіравалі і па статусе 200 атрымаць належную выплату. Паверце, такіх курыц нямала. Схема сапраўды працоўная…», — абураецца трэці.
Пасля таго, як відэа набыло шырокую папулярнасць, рыэлтарка Марына Арлова закрыла свае старонкі ў сацсетках.
Загінула ваенная карэспандэнтка расійскага Першага канала Ганна Пракоф'ева
Ва Украіне загінуў прапагандыст з расійскіх «Известий»
УСУ паведамілі пра гібель 30 расійскіх вайскоўцаў у выніку ўдару па Курскай вобласці
На вайне ва Украіне ўпершыню загінуў расійскі вайсковец 2007 года нараджэння
У адным з расійскіх гарадоў цынкавыя труны і чорныя пакеты для мёртвых целаў выкідаюць проста на сметнік
Каментары