«Цягнуў нас дваіх». Чатыры гісторыі, як шлюб айцішнікаў трэснуў пасля пераезду
Чытачы распавялі Devby, як іх адносіны не вытрымалі выпрабавання рэлакейтам.

«Я таксама павінен быў атрымаць ВНЖ Сербіі як муж, але жонка адмяніла працэс для мяне»
Сяргей (імёны ў тэксце зменены), прадуктовы менеджар, у ІТ — 3 гады:
— Мы з жонкай былі разам восем гадоў, чатыры з іх — у шлюбе, ажаніліся ў 2020 годзе. На гэтыя чатыры гады выпала шмат выпрабаванняў — пратэсты ў Беларусі, пачатак вайны ва Украіне і два пераезды.
У сакавіку 2022 года мы вылецелі ў Турцыю, збіраліся застацца там, але не атрымалі ВНЖ і выправіліся ў Грузію. Там мы абое знайшлі працу, пачалі зарабляць — і ўвогуле за два гады жыцця там усё было нядрэнна.
Але ў мяне былі праблемы з пашпартам — ён заканчваецца ў 2028 годзе, — і я нічога з гэтым не рабіў, проста чакаў, раптам нешта зменіцца. А мая жонка актыўна шукала выйсце: двойчы падавалася на ВНЖ у Грузіі (але атрымлівала адмовы). І ў выніку знайшла: ёй на працы прапанавалі рэлакацыю ў Сербію.
Мы пачалі рыхтавацца да пераезду — сабралі дакументы, набылі квіткі. Але за месяц да пералёту жонка сказала, што вельмі стамілася і па прыездзе ў Сербію са мной развядзецца. Мы прыляцелі разам, ужо паўгода не камунікуем, жывём асобна. Пакуль афіцыйна не развяліся, магчыма, ёсць нейкія складанасці, або яна перадумала гэтым займацца.
Так, для жонкі пытанне легалізацыі вырашылася — яна атрымала ВНЖ Сербіі.
Я таксама павінен быў яго атрымаць як муж, але жонка адмяніла працэс для мяне. Усе дакументы рабіла яе кампанія, цяпер жа я займаюся легалізацыяй самастойна. Калі ўсё атрымаецца, то атрымаю ВНЖ на тры гады, а пасля змагу падацца на ПМЖ і праз тры гады атрымаць грамадзянства.
Я разводзіцца не хачу, але не замінаю працэсу. Спрабаваў паразмаўляць з жонкай, прапаноўваў звярнуцца да сямейнага псіхолага, але яна сказала, што вельмі стамілася і нічога не хоча. Кожны раз, калі я прасіў яе сесці абмеркаваць, яна казала, што я на яе цісну. Я зрабіў усё, каб захаваць адносіны, — але не атрымалася. Прычына, якую яна агучыла: яна не кахае мяне як мужчыну і просіць яе адпусціць.
І так, мы ні разу нармальна не абмеркавалі ўсё, што перажылі за гэтыя чатыры гады. Я не абвінавачваю ў гэтым рэлакацыю. Проста сіл у нас абаіх ужо не хапала, я быў у дэпрэсіўным стане, разглядаў пераезд у Сербію як фінальны — і думаў, што там зможам перазагрузіць адносіны. А пасля рашэння жонкі развесціся ўпаў у сапраўдную дэпрэсію: прымаю антыдэпрэсанты, працую з псіхатэрапеўтам.
«Магчыма, без вайны мы не былі б разам так доўга»
Андрэй, прадуктовы менеджар, 4 гады досведу ў ІТ:
— Пераехалі ў 2023 разам з дзяўчынай і з Кіева ў Варшаву. Нядаўна вось вырашылі расстацца.
У нас былі праблемы ў адносінах і ў Кіеве, але ўсе яны нівеляваліся падчас чарговых абстрэлаў: калі ноччу ляжыш у калідоры, а над галавой выбухі — то няма нікога раднейшага за чалавека побач. Усе прэтэнзіі адразу робяцца няважнымі.
Пасля пераезду жыццё нібыта знялі з паўзы — я стаў задумвацца пра будучыню, ці камфортна мне з ёй жыць, ці бачу я сябе з ёй у будучыні. Пры гэтым былі пачуцці і жаданне быць разам. Але ў адзін момант я зразумеў, што і пачуцці зніклі. І атрымліваецца, што праблем і незадаволенасці шмат, а радасці ад адносін няма (калі не лічыць вялікага ўзроўню блізкасці, даверу, падтрымкі).
Калі падсумоўваць, скажу: я думаю, што ёсць шмат розных прычын, але таксама ўпэўнены, што нас вельмі зблізіла вайна і неабходнасць трымацца адно за аднаго. Магчыма, без вайны мы не былі б разам столькі часу (а можа, і былі).
Напэўна, варта ўдакладніць, чаму мы пераязджалі з Кіева: Украіна — мая радзіма, я нарадзіўся ў Крыму, у Кіеў пераехаў, таму што там не было перспектыў + татальная несвабода. Дарэчы, з’ехаць я вырашыў пасля падзей у Беларусі ў 2020 годзе, бо зразумеў, што далей будзе горш.
«У Беларусі ўсё было не так кепска ў мяне. І ўжо дакладна стабільней адчуваў сябе мой муж»
Аліна, замужам за распрацоўшчыкам:
— Мы з мужам пражылі ў шлюбе шэсць гадоў, цяпер думаем пра расстанне.
Калі шчыра, яшчэ да пераезду (у 2022 годзе па патрабаванні замоўцы праекта, на якім працаваў мой муж) у мяне была дэпрэсія: падзеі 2020 года вельмі моцна мяне падкасілі. Я спадзявалася, што пераезд дапаможа мне прыйсці ў сябе — але не, усё стала толькі горш.
У маім свеце тады наступіў вечны змрок, я не хацела прачынацца па раніцах — ляжала на ложку большую частку дня, баялася выходзіць з дому.
Муж спачатку спрабаваў мне дапамагаць, але, здаецца, перагарэў. Ён наняў мне псіхолага. Сам паглыбіўся ў працу, узяў другі праект. Пазней, калі я пачала выкарасквацца, я спытала, чаму ён так шмат працуе, — ён распавёў пра скарачэнні ў яго кампаніі. Праз гэта ён адчуваў пастаянную трывогу, баяўся, што яго таксама звольняць, і мы застанемся без сродкаў да існавання.
Ён цягнуў і працягвае цягнуць нас дваіх, але кажа, што нешта ўнутры яго зламалася: ён успрымае мяне як роднага чалавека — напрыклад, як сястру, але не як каханую жанчыну. І ў мяне таксама падобныя пачуцці.
Напэўна, правільна нам развесціся, але пакуль незразумела, як жыць далей — я не працую, і калі мы раз’едземся па розных кватэрах, выдаткі мужа яшчэ больш узрастуць.
Чаму я вінавачу пераезд, калі і раней маё псіхічнае здароўе было не ў парадку? Напэўна таму, што ў Беларусі ўсё было не так кепска ў мяне. І ўжо дакладна больш стабільна адчуваў сябе мой муж.
Я бясконца ўдзячная свайму мужу за тое, што ён не сышоў ад мяне, як робяць многія мужчыны (і нават дзеці не спыняюць іх — а ў нас іх няма). Мы дамовіліся паспрабаваць выратаваць наш шлюб, пачалі разам хадзіць да сямейнага псіхолага. Але мне самой пакуль не верыцца, што гэта дапаможа.
«На ўсе просьбы дапамагчы я чула толькі адно: «Я не ведаю мовы»
Яўгенія, франтэнд-распрацоўшчыца, у ІТ — 5+ гадоў:
— Мы з мужам пераехалі ў Польшчу зімой 2023 года — калі абодва знайшлі там працу. Пасля пераезду я і гаспадаркай займалася, і дзіцём (яму 7 гадоў), і адаптацыйныя задачы вырашала, і працавала, а мой муж толькі працаваў — і ўсё.
На ўсе просьбы дапамагчы, уключыцца я чула толькі адно: «Я не ведаю мовы». Неяк сацыялізавацца муж таксама не хацеў: і працаваў аддалена, і жыў таксама.
У нейкі момант я зразумела, што не хачу цягнуць дзвюх «дзетак» — і прапанавала мужу расстацца. Зараз мы жывём асобна. Развод пакуль не аформілі — на гэта няма ні часу, ні сіл (калі камусьці здаецца, што я вельмі проста прыняла такое рашэнне, дык вось не, яно каштавала мне сівых валасоў). Але мне стала неяк лягчэй.
Дарэчы, ёсць адчуванне, што я трачу менш грошай, чым раней, калі была ў шлюбе.
Калі ў вас ёсць гісторыя ў тэму — дзяліцеся ў каментарыях.
Каментары