Усяго патроху22

Выконвае каманды і любіць «прычоскі». Пад Магілёвам жыве ягня, якое лічыць сябе сабакам

Бусік — ягня, але незвычайнае. Ён з першых дзён жыцця рос у доме з людзьмі, смактаў малако з дзіцячай бутэлечкі, спаў у ложачку, а за маму прымаў і прымае… магіляўчанку Тамару Мацвіенка. Як так выйшла, піша Magilev.by.

Бусік, як звычайна, жуе смакотку. Тут і далей фоты Тамары Мацвіенкі

Ніколі не кажы «ніколі»

Тамара Мацвіенка некалькі гадоў таму выйшла на пенсію, з'ехала з абласнога цэнтра і цяпер жыве з мужам у сваім доме ў Магілёўскім раёне.

У сям'і — вялікая гаспадарка: агарод, сад, каты і сабакі. А гэтай зімой у мужа і жонкі, як жартуе Тамара Рыгораўна, здарыўся прыплод. Вельмі мілы чорненькі і кучаравенькі «прыплодзік».

«Смешна сказаць, але для мяне гэта было ўсё адно, што на сёмым дзясятку нарадзіць дзіця, — рагоча суразмоўніца. — Зноў адчула ўсю любату мацярынства!»

Тамара з дзяцінства цярпець не можа авечак і бараноў. Нават пах іхні не пераносіць. А ўсё таму, што яе маленькую, калі хварэла, мама паіла барановым тлушчам.

«Гідота рэдкая! Бараніны, як разумееце, з тых часоў не ем. І ўжо каго-каго, а авечак трымаць наогул ніколі не збіралася».

Але, як гаворыць народная мудрасць, ніколі не кажы «ніколі»… Сястра-заатэхнік нечакана, ні з поля ні з лесу зрабіла радні такі вось «жывы падарунак», аргументаваўшы:

«Тома, у вас тут, на вёсцы, столькі прасторы! Ну, ты не любіш бараніны… Затое, можа, дзеці і ўнукі будуць есці».

А ў авечкі, якую падарылі, зноў-такі нечакана гэтай зімой нарадзілася двое дзіцянят… І панеслася!

Тая самая «глузда» з двума сваімі ягнятамі: аднаго затаптала, другога, Бусіка, выратавалі людзі

Маці або мачыха? «Глузда»!

«Калі мы зразумелі, што авечка нарадзіла дваіх ягнят, тэлефаную сястры і пытаюся: «Якія мае дзеянні?». Сястра адказвае: «Ніякіх! Гэта ж не карова, даіць нельга. Малыя самі павінны падысці і папіць малачка…»

Ніякіх дык ніякіх. А праз пару дзён муж знайшоў у хляве цельца аднаго ягняці — маці затаптала… У нас на вёсцы такіх называюць «глузда». Дурная баба, прасцей кажучы. Не маці, а мачыха.

Зноў тэлефаную сястры, каб параіцца. Яна рэкамендуе: «Ты паспрабуй падвядзі ягнятка, што жывое засталося, да авечкі». Я падводжу — тая як стала скакаць, як стала біць капытамі! Спрабую паднесці дзіцяня да вымені — гэтая «глузда» мне ледзь зубы не выбіла…

Што рабіць? Трэба забіраць маленькае ў хату… Яно ж зусім дробнае, каля 2 кілаграмаў. Загіне без ежы, без мацярынскага цяпла».

Муж і жонка знайшлі скрынку з-пад надзіманага басейна, заслалі яе пялёначкай і паставілі дзе цяплей у хаце. А менавіта ў сваёй спальні. Ды яшчэ, як высветлілася, карміць ягня трэба было, як чалавечае малое: кожныя тры гадзіны.

Навошта даросламу мужыку дзіцячая бутэлечка?

«Спрабую дзіцяня напаіць малаком, а яно — ніяк! — працягвае аповед Тамара Мацвіенка. — Кажу мужу: «Славік, ідзі ў аптэку па дзіцячую бутэлечку». А што рабіць?»

Вячаслаў таксама прывязаны да Бусіка: дзіцячыя бутэлечкі купляў ягняці менавіта ён

Балазе, аптэка ёсць у аграгарадку непадалёк. Там, вядома, невымоўна здзівіліся, калі дарослы мужык, пенсіянер, папрасіў бутэлечку для немаўляці.

Фармацэўты ў яго пытаюцца: «Слава, а табе для чаго?» Муж суразмоўніцы — мужчына з гумарам, адказвае: «Дзяўчаты, надакучыла гарэлку піць са шклянкі! Я налью сабе ў дзіцячую бутэлечку і паволі буду цадзіць…»

Увогуле, пачыналі паіць Бусіка з маленькай бутэлечкі, потым перайшлі на паўлітровую. Соску на бутэлькі працягвалі купляць у аптэцы. «Доза павялічваецца», — жартаваў «тата» Бусіка.

Уласна кажучы, і імя ягня атрымала ў гонар… першай бутэлечкі з соскай. На ёй было напісана «Бусінка», ну а раз хлопец — то Бусік.

«Тупае-тупае па хаце — не дае спаць»

Тамары дзеля кучаравага дзіцяняці прыйшлося кардынальна памяняць свой рэжым.

З Бусікам не засумуеш!

«Для мяне раней самае страшнае было, калі хтосьці пасля 21-й гадзіны тэлефанаваў. Усё, гэта значыць, ноч бяссонная! А тут, уяўляеце, інтэрвал кармлення — кожныя тры гадзіны. Ну нічога, сяк-так прывыкла».

Потым Бусік падужэў, стаў выскокваць са скрынкі.

«Тупае-тупае па хаце — не дае спаць. Кажу мужу: «У нас ёсць драўляны ложачак унука, даставай». Залезлі на гарышча, адшукалі. Знайшлі і матрац маленькі, апусцілі ў самы ніз, каб малы не выскокваў. Вось так і спалі ўсе халады».

Чым старэйшае рабілася ягня, тым больш павялічваліся прамежкі паміж кармленнямі. Бо Бусік, як і каты з сабакамі, прывык спаць усю ноч. Улічваючы створаныя яму каралеўскія ўмовы, можна сказаць, без задніх капытоў.

Ягня-сабака

З часам ягня стала лічыць сябе сабакам. Шмат у чым пачало капіраваць паводзіны сабакі.

Скажам, прыязджае ў госці да дзядулі з бабуляй унук — Бусік першы імчыцца з ім гуляць; пацяплела — суправаджае гаспадыню па справах; каманды выконвае. Нават не самыя для яго прыемныя.

Бусік за сваёй «мамай» Тамарай Мацвіенкай ходзіць як прывязаны

«Дапусцім, прыйшлі да суседкі, а ў яе кветачкі проста ў двары. Малы скок туды. Я, каб не пагрыз, клічу: «Бусік, да мяне!» Ён слухаецца. «Пайшлі дадому», — без пярэчанняў ідзе», — хваліць гадаванца гераіня.

А яшчэ ягня страшна любіць, калі яго расчэсваюць, робяць прычоскі. Гэта, як кажа Тамара Мацвіенка, для яго проста «фыр-фыр».

«Бусік — не пераходзячы вымпел»

На пытанне, што будзе з жывёлінай далей, жанчына адказвае:

«Бусік — не пераходзячы вымпел. Мы з ім не збіраемся расставацца».

Да таго ж цяпер ягня не стварае ніякіх клопатаў. Есць бульбачку, моркву, капусту, траўку жуе… А з дому яго з прыходам цяпла перасялілі ў хлеў (зрабілі асобнае стойла, каб з агрэсіўнай мамкай-авечкай не сутыкаўся). У ім Бусік начуе.

«Кожны вечар ён з задавальненнем бяжыць у свой хляўчук. Чаму? Бо ведае, што там яго чакае малако».

Днём жа ягня-сабака топчацца ў двары ці ходзіць за гаспадыняй. Ахоўвае.

«На руках ужо яго не цягаю — здаровенькі хлопчык вымахаў, — усміхаецца наша гераіня. — Проста абдымаемся, шкадуем, Бусік ліжа мне шчокі…»

Суседзі ж да незвычайнага «пажа» Тамары Мацвіенкі даўно прызвычаіліся. І калі раней дзівіліся ды жартавалі, то цяпер прыходзяць у госці і перш за ўсё кажуць: «О, прывітанне, Бусік!»

Каментары2

  • Acab
    07.06.2024
    Якое яно на смак?
  • валодаў
    08.06.2024
    Па вопыту трымання авечак скажу, што звычайна тыя бараны, што выкармленыя людзьмі, калі вырастуць пачынаюць біцца

Цяпер чытаюць

Памятаеце старшыню Геральдычнай рады, якая распрацоўвала дызайн пашпарта «Новай Беларусі»? Мікіта Забуга пайшоў ваяваць12

Памятаеце старшыню Геральдычнай рады, якая распрацоўвала дызайн пашпарта «Новай Беларусі»? Мікіта Забуга пайшоў ваяваць

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі таксіст, якога ў Варшаве збіў пасажыр, дамогся завядзення справы за ксенафобскі напад2

У Германіі паліцыя ачапіла раён і пяць гадзін вяла расследаванне забойства. Аказалася, гэта была сэкс-лялька2

Да якой адчувальнай інфармацыі мела доступ зніклая Анжаліка Мельнікава?13

На Вайсковых могілках прыгожа зацвілі тысячы пралесак ФОТАФАКТ2

Беларуска зняла ў Мінску кватэру на суткі і была шакаваная ўмовамі пражывання

17-гадовы Адам Кадыраў стаў куратарам МУС па Чачні4

«Ты разумееш, з кім размаўляеш? Яна каралева Маямі». Сабаленку паспрабавалі выгнаць з рэстарана ў Маямі14

Зноў арыштавалі злодзея ў законе Паштэта — узяўся за старое і падманваў пенсіянераў8

Кампанія «Будзьма» просіць аб дапамозе13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце старшыню Геральдычнай рады, якая распрацоўвала дызайн пашпарта «Новай Беларусі»? Мікіта Забуга пайшоў ваяваць12

Памятаеце старшыню Геральдычнай рады, якая распрацоўвала дызайн пашпарта «Новай Беларусі»? Мікіта Забуга пайшоў ваяваць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць